«Мітрапаліту адмовілі ва ўездзе без тлумачэння прычыны». Афіцыйны каментар прадстаўніка Каталіцкага касцёла Беларусі (абноўлена)



«Мітрапаліту адмовілі ва ўездзе без тлумачэння прычыны». Афіцыйны каментар прадстаўніка Каталіцкага касцёла Беларусі

Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі афіцыйна паведамляе, што 31 жніўня супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі ва ўездзе ў краіну Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, паведамляе сайт каталіцкай царквы Беларусі.

Біскуп Юрый Касабуцкі ўдакладніў, што ў панядзелак 31 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся з замежнай службовай паездкі.

На памежным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі кіраўніку беларускага каталіцкага епіскапату ва ўездзе ў краіну без тлумачэння прычыны.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

***

Свабода даведалася, што кіраўніка каталіцкага касцёла Беларусі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, беларускія памежнікі не ўпускаюць у Беларусь. Іерарх вяртаўся дадому з Польшчы.

«Я знаходжуся на пераходзе ў Кузніцы Беластоцкай, мяне не пусцілі, – сказаў Свабодзе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч па тэлефоне з польскім нумарам. – Потым будзе заява. Пакуль нічога больш сказаць не магу».

Мітрапаліт Кандрусевіч з’яўляецца грамадзянінам Беларусі.

Прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касцёла айцец Юры Санько абяцаў Свабодзе дадатковыя дэталі.

Прадстаўнік памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі ў інтэрвʼю Свабодзе заявіў, што пакуль не гатовы пракаментаваць сітуацыю.

«На дадзены момант ніякай інфармацыі я вам прадаставіць не магу і пракаментаваць таксама не магу».

Начальнік Дэпартамэнта па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун таксама адмовіўся каментаваць сітуацыю:

«Я пакуль нічога не ведаю і вельмі заняты», – сказаў карэспандэнту Свабоды палкоўнік Бягун.

svaboda.org