Мітынг незалежных прафсаюзаў у Кіеўскім скверы
У Кіеўскім скверы ў Менску адбыўся мітынг незалежных прафсаюзаў.
Пра вынікі мітынгу распавядае журналістка Радыё Рацыя:
У Беларусі неабходна адмяніць дэкрэты № 1 ад 25 студзеня 2018 года аб спрыянні занятасці насельніцтва, № 29 ад 26 лiпеня 1999 года аб працоўных кантрактах і № 5 ад 15 снежня 2014 года аб узмацненні патрабаванняў да кіраўнікоў і работнікаў. Пра гэта заявіў старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч на першамайскім мітынгу, арганізаваным у Менску Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.
Фядыніч заклікаў улады павысіць памер дапамогі па беспрацоўі да 70% сярэдняй заработнай платы. „Калі не выконваюцца эканамічныя патрабаванні, рана ці позна яны ператвараюцца ў палітычныя, — адзначыў прафлідар. — Цяпер на кухнях пасля трэцяга тоста кажуць не пра каханне, а пра палітыку”.
„Краіна курчыцца ад прыгнёту, а мы чакаем, што хтосьці прыйдзе і ўсе праблемы вырашыць. Трэба самім змагацца за свае правы”, — заклікаў Фядыніч.
***
15:00
Мерапрыемства дазволенае сталічнымі ўладамі, было заяўлена дзве тысячы ўдзельнікаў.
За хадой мітынгу сочыць наша карэспандэнтка Алена Вільтоўская:
— Каля 200 чалавек прысутнічаюць на дазволеным уладамі мітынгу да Дня салідарнасці працоўных. Заяўнікі — Незалежныя прафсаюзы Беларусі, сярод якіх Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці, металісты, таксама Кангрэс незалежных прафсаюзаў. І вось ужо прагучала першая частка рэзалюцыі і пікетоўцы выступілі з патрабаваннямі. У тым ліку адмяніць нашумелы Дэкрэт №1, які раней быў Дэкрэтам № 3 аб дармаедах, таксама заяўлялі пра тое, што Беларусь мусіць прыняць новы эканамічны курс, які будзе арыентаваны на стварэнне новых, эфектыўных працоўных месц. Шмат кажуць пра беспрацоўе, пра іншыя сацыяльна-палітычныя праблемы, якія на сёння існуюць у Беларусі.
Таксама тут разгарнуўся маленькі пікет анархістаў. Вячаслаў Касінераў і паплечнікі выйшлі з расцяжкай. Яны таксама ўдзельнічалі ў мітынгу разам з пікетоўцамі з незалежных прафсаюзаў, але прафсаюзы даволі востра адрэагавалі на іх прысутнасць і анархісты сышлі. Хутчэй за ўсё яны былі затрыманыя. Вельмі шмат людзей у цывільным прысутнічае на акцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Алена Вільтоўская