Мітынг супраць акумулятарнага завода прайшоў у Берасці (абноўлена)
Каля сотні ўдзельнікаў сабраў мітынг у Берасці.
Мерапрыемства адбылося ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і было прысвечана пратэстам супраць будаўніцтва акумулятарнага завода бліз горада, – распавёў адзін з выступоўцаў, лідар руху «За свабоду» Юры Губарэвіч:
– Важна быць салідарнымі з людзьмі па ўсёй Беларусі, якія змагаюцца за свае базавыя правы – гэта права на спрыяльны экалагічны асяродак, права на добрае здароўе, на жыццё. Усяго гэтага яны будуць пазбаўленыя, калі ў Берасці будзе рэалізаваны праект – запушчаны завод акумулятарных батарэяў. Гэта мужныя людзі, якія нягледзячы на рэпрэсіі, ужо больш за год выходзяць на вуліцы, патрабуюць ад уладаў, каб быць пачутымі, каб улады кіраваліся не толькі бізнес-інтарэсамі і атрыманнем нейкага прыбытку.
Правядзенне мітынгу «Не свінцоваму заводу» ініцыявалі тры кандыдаты ў дэпутаты ад дэмакратычных сілаў – Ірына Амяльянчук, Аляксандр Пась і Аляксандр Мельнік.
***
У Берасці праходзіць мітынг супраць акумулятарнага завода. Яшчэ да пачатку акцыі на месцы яе правядзення сабралася больш за 300 чалавек – паведамляе Charter97.org. Акцыя дазволена ўладамі і адбываецца ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ініцыявалі яе правядзенне кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Пась, Ірына Амельянчук і Аляксандр Мельнік.
На мітынгу прысутнічае сустаршыня БХД – Віталь Рымашэўскі, які выступіў паводле просьбы арганізатараў па-расейску:
– Прасілі сёння казаць па-расейску, буду па-расейску. Першае, што я хачу сказаць ад імя Менску, ад імя ўсёй Беларусі: дзякуй вам за тое, што вы ўжо зрабілі. Нягледзячы на тое, што завод яшчэ не ліквідаваны, вунь яшчэ будынкі гэтыя стаяць, але вашага прыкладу баяцца сёння на беларускім тэлебачанні, ад вашага прыладу трасуцца рукі ў беларускіх чыноўнікаў, ваш прыклад натхняе людзей па ўсёй краіне.
Падчас мітынгу выбарцаў знаёмяць з перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў, у якіх, у прыватнасці, утрымліваецца патрабаванне спыніць будаўніцтва і канчаткова закрыць акумулятарны завод «АйПаўэр» пад Берасцем. У канцы мерапрыемства плануецца зачытаць рэзалюцыю мітынгу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя