Міжнародная акцыя па назіранні за птушкамі „Жывая вясна – 2018”



З 1 сакавіка па 31 траўня можна далучыцца да стварэння інтэрактыўнай карты вясны, якую нясуць нам птушкі.

Якія птушкі лічацца вестунамі вясны?

Раней вестунамі “Жывой вясны” былі абраныя пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, зязюля і шчурка-пчалаедка. Сёлета да іх дадалася ластаўка-зямлянка.

Пабачыўшы адну з гэтых птушак – зрабі пазнаку на спецыяльным сайце. Людзі з розных краін Еўропы штогод разам складаюць анлайн-карту прыбыцця птушак з Афрыкі на Радзіму. На карце можна будзе ўбачыць, як гэтыя абраныя птушкі набліжаюцца да Беларусі! Напрыклад, пяць буслоў і зязюлю ўжо сустрэлі ў Ірландыі, яшчэ адна зязюля разам з буслом і вясковай ластаўкай адзначылася ў Румыніі, а свіргуля бачылі на Кіпры і ў Ізраілі. Чым больш птушак прыляцела, тым больш цёмны колер будзе афарбоўваць кожны рэгіён краіны-ўдзельніцы на карце.

Калі звычайна гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?

У 10-х чыслах сакавіка звычайна вяртаюцца ў краіну першыя буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, напрыканцы красавіка і ў пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня — шчуркі-пчалаедкі.

Як дадаць назіранне?

Выходзь на прыроду з дзеткамі і прыглядайся да птушак! Калі ўбачыш ці пачуеш птушак “Жывой вясны” – зарэгіструй назіранні зручным для сябе спосабам:

– на сайце “Жывой вясны” пры дапамозе формы „Дадаць назіранне” – апісаць пра сваё назіранне ў суполках у сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.

Навошта праводзіцца кампанія “Жывая вясна”?

“Жывая вясна” – міжнародны праект з мэтай прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да прыроды і захавання пералётных птушак. Кампанія знаёміць з перашкодамі, якія суcтракаюцца птушкам падчас міграцыі, і вучыць, як мы можам дапамагчы іх пераадолець.

Таксама ў межах кампаніі адбудуцца конкурсы, якія будуць анансаваныя на ptushki.org, пройдуць птушыныя экскурсіі, прэзентацыі, святы і гульні ў школах.

Сустракай вясну разам з птушкамі!