Акцыя ў падтрымку Дзмітрыя Паліенкі



Праваабарончая арганізацыя „Міжнародная амністыя” аб’явіла акцыю ў падтрымку беларускага вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі.

Як адзначаецца ў паведамленні арганізацыі, Паліенка будзе вымушаны сустракаць свой дзень нараджэння (26 мая) за кратамі.

„Беларускі актывіст Дзмітрый Паліенка адбывае два гады турэмнага зняволення за мірнае супраціўленне абмежаванням веласіпеднага руху, — гаворыцца ў паведамленні. — У кастрычніку 2016 года яго прызналі вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” і „вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”. Пасля яго пераводу ў калонію ў красавіку 2017 года „Міжнародная амністыя” атрымала звесткі пра тое, што Паліенка стаў ахвярай жорсткага абыходжання з боку адміністрацыі калоніі. Штомесяц ён праводзіць дзесяць дзён у штрафным ізалятары, а штомесячная сума грошай для асабістага карыстання яму скарочана на траціну. Палітвязню не даходзіць пошта, а некаторыя з яго лістоў так і не трапляюць да адрасатаў. Паліенка з’яўляецца вязнем сумлення і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены”.

Праваабарончая арганізацыя прапаноўвае пісаць лісты генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку з заклікам „неадкладна і безумоўна вызваліць Дзмітрыя Паліенку”, бо „ён з’яўляецца вязнем сумлення, пазбаўленым свабоды выключна з-за мірнага ажыццяўлення сваіх правоў на свабоду слова і сходаў”.

„Міжнародная амністыя” таксама заклікае ўсіх далучыцца да глабальнай акцыі салідарнасці і адпраўляць віншавальныя паштоўкі Паліенку ў калонію. „Давайце закідаем адміністрацыю калоніі паштоўкамі для Дзмітрыя. Адміністрацыя калоніі не можа ігнараваць сотні віншаванняў з днём нараджэння! Дадайце віншавальнае паведамленне: „Дасылаю вам салідарнасць у падарунак — з Днём Нараджэння!” ці „Чалавек, пра якога памятаюць, ніколі не застанецца сам-насам. Віншую з Днём Нараджэння!” — гаворыцца ў паведамленні.

Прызнанага праваабарончай супольнасцю вязнем сумлення актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенку 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў”. Яго абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру. Паліенка быў адзіным удзельнікам велапрабегу „Крытычная маса” 29 красавіка 2016 года, у дачыненні да якога была распачатая крымінальная справа. Незадоўга да суда яму выставілі дадатковае абвінавачанне ў „вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару” на падставе ч. 2 арт. 343 КК. Паліенка быў прызнаны вінаватым па абодвух артыкулах і прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Пасля гэтага ён некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і 7 красавіка 2017 года быў пазбаўлены адтэрміноўкі выканання прысуду.

БелаПАН