„Міжнародная амністыя” прызнала Бабарыку, Ціханоўскага, іх паплечнікаў і блогераў вязнямі сумлення
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, яго паплечнікі, а таксама блогер Сяргей Ціханоўскі і іншыя актывісты, затрыманыя падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі, прызнаныя вязнямі сумлення. З адпаведнай заявай выступіла „Міжнародная амністыя”.
У дакуменце адзначаецца, што Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік яго ініцыятыўнай групы, „пераследуюцца выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных поглядаў”.
Блогер Сяргей Ціханоўскі і восем чалавек, арыштаваныя разам з ім, — Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Сяргей Калмыкоў, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў — прызнаныя вязнямі сумлення, паколькі былі затрыманыя „выключна ў сувязі з мірным ажыццяўленнем сваіх правоў”.
Акрамя таго, „Міжнародная амністыя” асуджае масавы пераслед у Беларусі блогераў і журналістаў — у прыватнасці, Сяргея Багрова, Сяргея Лацінскага, Ігара Лосіка, Уладзіміра Няронскага, Сяргея Пятрухіна, Уладзіміра Цыгановіча.
„Беларускія ўлады павінны спыніць крымінальны пераслед, запалохванне і рэпрэсіі супраць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі і іх прыхільнікаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ”, — гаворыцца ў заяве.
„Усе яны — вязні сумлення і павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя”, — падкрэслівае „Міжнародная амністыя”.
У заяве адзначаецца, што „ўзмацненне рэпрэсій супраць права на свабоду выказвання думак, правоў на мірныя сходы і асацыяцыі ў кантэксце выбараў, якія маюць адбыцца, выявіла многія іншыя праблемы з правамі чалавека, у тым ліку дыскрымінацыю жанчын, якая часам набывае форму відавочнай мізагініі, шырока трансляванай найбуйнейшымі дзяржаўнымі СМІ”.
„Улады павінны аператыўна, грунтоўна, аб’ектыўна, эфектыўна і празрыста расследаваць усе паведамленні аб празмерным выкарыстанні фізічнай сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і жорсткім абыходжанні з затрыманымі, а таксама ўсе выпадкі пагроз, нападаў і абраз”, — падкрэслівае „Міжнародная амністыя”.
belapan.by