Міжнародная група эколагаў працуе на тэрыторыі вакол БелАЭС
Міжнародная група эколагаў 15 жніўня пачала замеры параметраў фону на тэрыторыі, прылеглай да пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, паведамляе сайт адміністрацыі атамнай станцыі.
У экспедыцыі бяруць удзел прадстаўнікі экалагічнай грамадскай арганізацыі „Міжнародны зялёны крыж” (штаб-кватэра ў Жэневе), Агенцтва экалагічнай бяспекі „Альфа-Х91” (Екацярынбург, Расея), навукова-асветніцкай арганізацыі „Энергія і Экалогія” (Снежынск, Чалябінская вобласць РФ) і іншых арганізацый.
Да 20 жніўня эксперты будуць замяраць зыходныя ўмовы навакольнага асяроддзя ў раёне будаўніцтва атамнай станцыі з дапамогай палявой гама-спектраметрычнай здымкі. Яны таксама адбіраюць пробы паветра, вады, глебы, донных адкладаў і расліннасці, якія пасля будуць правераныя на актыўнасць радыенуклідаў.
Як паведамляецца, інфармацыя аб стане экалагічнай, радыяцыйнай, ядзернай бяспекі ў раёне будаўніцтва БелАЭС, атрыманая падчас экспедыцыі, а таксама высновы і прапановы групы эколагаў будуць прадстаўленыя грамадскасці. Акрамя таго, вынікі экспедыцыі ўвойдуць у справаздачу па праграме пасляпраектнага аналізу, які будзе падрыхтаваны ў адпаведнасці з абавязацельствамі Беларусі ў рамках Канвенцыі Эспа. Гэтая справаздача таксама будзе даступная грамадскасці і зацікаўленым органам суседніх дзяржаў.
Экалагічная экспедыцыя праводзіцца па ініцыятыве адміністрацыі БелАЭС пры садзеянні „Расэнергаатама” (электраэнергетычны дывізіён расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам”) і расейскага фонду „Асацыяцыя тэрыторый размяшчэння атамных электрастанцый”, які займаецца пытаннямі экалагічнай бяспекі і эканамічнага і інфраструктурнага развіцця тэрыторый вакол АЭС.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Ядзернае паліва для атамнай станцыі плануецца даставіць да 1 кастрычніка. Фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС, на этапе якога ў рэактар загрузяць паліва, павінен адбыцца восенню. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.