Міжнародная кааліцыя за дэмакратычнае абнаўленне заклікае падтрымаць народ Беларусі



Сусветная супольнасць не павінна ігнараваць грубыя парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, заявілі прадстаўнікі Міжнароднай кааліцыі за дэмакратычнае абнаўленне, якая аб’ядноўвае вядомых інтэлектуалаў, актывістаў і палітыкаў.

«У Беларусі рэжым зноў распачаў рэпрэсіі супраць народа, – гаворыцца ў заяве кааліцыі. – Напярэдадні абвешчаных уладамі прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня, пад ударам апынуліся кандыдаты ў прэзідэнты і члены іх каманд, лідары апазіцыі, грамадзянская супольнасць, прадстаўнікі СМІ і ні ў чым не вінаватыя грамадзяне. Два асноўныя канкурэнты, якія кінулі выклік асобе, што займае гэтую пасаду, Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка, а таксама члены іх каманд змешчаны ў турмы. Працягваецца націск на іх прыхільнікаў».

Прадстаўнікі кааліцыі адзначаюць, што «дзясяткі актывістаў апынуліся за кратамі за ўдзел у законных і мірных акцыях, уключаючы выбітных лідараў апазіцыі Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца».

«Дзеянні існага ў Беларусі рэжыму супярэчаць усім міжнародным абавязацельствам краіны ў галіне дэмакратыі і правядзення выбараў, – падкрэсліваецца ў заяве. – Мы выказваем падтрымку народу Беларусі, які патрабуе паважаць яго правы і свабоды і выступае за свабодныя і справядлівыя выбары. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх тых, каго затрымалі і арыштавалі па палітычных матывах. Мы настойліва патрабуем ад уладаў Беларусі вярнуць людзям адпаведныя міжнародным стандартам свабодныя і справядлівыя выбары, якіх яны пазбаўленыя ўжо доўгі час».

Падпісанты заклікаюць улады Беларусі выконваць міжнародныя абавязацельствы па забеспячэнні свабоды сходаў, свабоды выказвання, свабоды слова, спыніць блакаванне незалежных медыя і запалохванне журналістаў, скончыць з палітычна матываваным пераследам.

«Мы асуджаем эскалацыю міліцэйскага гвалту супраць мірных сходаў, у дачыненні да журналістаў і звычайных грамадзян і папярэджваем улады Беларусі аб недапушчальнасці прымянення гвалту і сілы падчас цяперашняй палітычнай кампаніі, – гаворыцца ў заяве. – Мы настойліва заклікаем міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрапейскі саюз, дэмакратычныя краіны рашуча рэагаваць і прымаць эфектыўныя меры для прадухілення небяспечных дзеянняў уладаў Беларусі. Мы заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць народ Беларусі ў яго барацьбе за свабоду».

Заяву падпісалі больш за 120 чалавек, сярод іх: польскі кінарэжысёр і сцэнарыст Агнешка Холанд, былы спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці, чэшскі палітык і дыпламат Аляксандр Вондра, расійскі журналіст Андрэй Піянткоўскі, былы памочнік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крамер, амерыканскі філосаф Фрэнсіс Фукуяма, кіраўнік праваабарончай арганізацыі Freedom House Майкл Абрамовіч, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Марыа Варгас Льёса, брытанскі драматург Том Стопард.

«Міжнародная кааліцыя за дэмакратычнае абнаўленне» – праект фонду «Форум 2000», глабальная ініцыятыва групы інтэлектуалаў, актывістаў і палітыкаў, занепакоеных пашырэннем улады і ўплыву аўтарытарных рэжымаў і адначасовым аслабленнем дэмакратычных сістэм знутры.

БелаПАН