Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная палякам у Беларусі (абноўлена)



Пахаванні польскіх жаўнераў на тэрыторыі Беларусі, месца апошняга спачыну ахвяраў Аўгустоўскай аблавы, альбо Катынскі спіс. Гэтыя пытанні надалей застаюцца не вырашанымі, а беларускія ўлады фактычна не ідуць на супрацоўніцтва ў гэтых справах з польскім бокам. “Галоўная прычына ў тым, што ўлады надалей лічаць сябе нашчадкамі савецкай сістэмы”, – мяркуе сябра Галоўнай рады Саюзу палякаў у Беларусі – Анджэй Пачобут:

– Вельмі пазітыўна, што ІПН цяпер правёў эксгумацыю жаўнераў корпусу аховы памежжа, якія загінулі ў баях з саветамі. Але тое самае, напрыклад, было ў 2008 годзе, калі пад Кобрынем дазволілі правесці такія самыя эксгумацыі. Таму тут нейкай рэвалюцыйнай змены няма. Разам з тым мы бачым, што беларускае МУС адраджае культ НКВД. Мы бачым міністра, які пераапранаецца ў форму НКВД.

Анджэй Пачобут таксама прыгадвае, што надалей засакрэчаны беларускі Катынскі спіс, і кажа, што Беларусь застаецца апошнім “верным савецкім салдатам”. Пытанне рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі, а таксама Катынскага спісу, абмяркоўвалася ў межах міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Гародні на тэму “Палякі ў Беларусі. Выбраныя праблемы польска-беларускіх стасункаў”.

* * * 

Палітыка ўладаў мае быць спрыяльнай у дачыненні да нацыянальных меншасцяў. І не мае значэння, ці гаворым пра польскую меншасць у Беларусі, ці пра беларускую ў Польшчы. Гэта адзначыў у размове з нашым радыё доктар Ян Ежы Мілеўскі, звязаны з Інстытутам Нацыянальнай Памяці. Ён з’яўляецца ўдзельнікам Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праходзіць у Гародні. Эксперт падкрэслівае, што ў гісторыі склалася так, што чым больш дзяржава лаяльная да сваіх грамадзян, незалежна ад іх нацыянальнасці, тым больш і грамадзяне лаяльныя да дзяржавы:

– Гэта не пытанне нейкай пагрозы з боку меншасці, а пытанне палітыкі, якая праводзіцца ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў, каб яна была сумленнай, каб у выніку гэтай палітыкі былі забяспечаны асноўныя патрэбы насельніцтва беларускай нацыянальнасці ў Польшчы і польскага насельніцтва ў Беларусі. І тады гэта будуць вельмі лаяльныя грамадзяне.

Сярод удзельнікаў навуковай канферэнцыі – грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч. Ён быў у шэрагах адзначаных асобаў за ўнёсак у развіццё польскай адукацыі ў Беларусі:

Прысвяціў шмат часу адраджэнню беларускасці і польскасці на пачатку 90-х у Гародні. І поспехі былі відавочныя. Зараз ёсць некаторы адкат. Але я застаюся аптымістам, бо ёсць такія рэчы, якія не знішчыш нават зброяй, таму што гэта вялікая асалода адчуваць сябе кімсь, быць часткай народа, ведаць яго гісторыю. Тады ходзіш з паднятай галавой. І гэта забіраць вельмі цяжка, нават немагчыма.

Канферэнцыя на тэму “Палякі ў Беларусі. Выбраныя праблемы польска-беларускіх стасункаў” працягвае сваю працу 21 верасня. Спачатку ўдзельнікі навуковага форуму наведаюць Пабернардынскія могілкі ў Гародні, дзе ўскладуць кветкі на магілы пісьменніцы Элізы Ажэшкі і наймалодшага ўдзельніка абароны Гародні ў верасні 1939 года Тадэвуша Ясінскага.

* * * 

У Гародні пачалася праца міжнароднай навуковай канферэнцыі „Палякі ў Беларусі. Выбраныя праблемы беларуска-польскіх стасункаў”. У зале генеральнага консульства Польшчы ў Гародні гісторыкі абедзьвюх краінаў будуць выступаць і дыскутаваць цягам двух дзён.

Сваімі адчуваньнямі з нагоды пачатку навуковага форуму дзеліцца Генеральны консул Польшчы ў Гародні Яраслаў Ксёнжак.

– Я мяркую, што тэма лёсу польскай супольнасці будзе датычыць не толькі яе самой, але таксама і таго, што адбывалася ў Беларусі цягам гэтых важных 100 гадоў. Гэтыя праблемы, спадзяюся, будуць узнятыя. І гэта не будзе факусаванне на нейкіх мартыролагах ці на трагедыях, але таксама будуць узнятыя і іншыя тэмы. Будзем спадзявацца, што будуць пераважаць не эмоцыі, бо гэта усё ж навуковая канферэнцыя.

Сярод Беларускіх гісторыкаў тэма польска-беларускіх стасункаў мае важнае значэнне. І шмат хто, асабліва з гарадзенскіх гісторыкаў, ёй займаецца. З 21 выступоўцы, якія зараз прысутнічаюць на канферэнцыі, пераважаюць беларускія даследчыкі. Кажа супрацоўнік Акадэміі Навук Беларусі  Андрэй Унучак:

– Адзін з маіх аспектаў – „Беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ стагоддзя”. Я разглядаю яго як сувязь нашых нацыянальных дзеячоў з польскім пытаннем. Для мяне гэта важна ў тым сэнсе, што, па-першае, польскае пытанне, з майго гледзішча, зараз разглядаецца ў такім ключы, што палякі, якія жылі ў другой палове 19 – пачатку 20 ст.ст.– яны ўсе дзеячы польскай культуры. І гэта разглядаецца ў такім этнічным сэнсе. А насамрэч гэта быў хутчэй палітычны сэнс.

Напачатку форуму прайшло ўрачыстастае ўзнагароджаньне памятнымі медалямі вядомых беларусаў, якія аказалі маральную дапамогу ў развіцці і захаванні польскай асветы ў Беларусі. 

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара