Міжнародная супольнасць – у абарону беларускіх журналістаў
Прадстаўнікі АБСЕ заклікаюць неадкладна вызваліць арыштаваных у Беларусі журналістаў. Таксама з адпаведнымі заявамі выступілі грамадскія арганізацыі – „Рэпарцёры без межаў” ды Еўрапейская федэрацыя журналістаў.
Калегі з Беларусі таксама распачалі адкрыты збор сродкаў на штрафы для асуджаных журналістаў. Але варта памятаць, што Еўропа занятая іншымі пытаннямі і таму ўвага на Беларусь – адносна невялікая, канстатуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
– Ва ўмовах закрытасці межаў, ва ўмовах таго, што незразумела, як будзе свет выглядаць і Еўропа падчас і пасля каронавіруса, наша ўлада можа паводзіць сябе, у прынцыпе, даволі “развязана”, прымяняць рэпрэсіі, і асабліва пакуль яна не звяртае ўвагі на заклікі міжнародных структур.
Зараз за кратамі за прысутнасць на акцыях блогера Сяргея Ціханоўскага – журналісты, сябры Магілёўскай суполкі “БАЖ”: Алесь Асіпцоў, Аляксандр Буракоў і Міхаіл Аршынскі. Апошняга пакаралі па двух пратаколах і такім чынам яго агульны тэрмін – 21 дзень. «Дасядзець» сваё 10 сутак ад панядзелка яшчэ мусіць глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач, яго выпісалі з рэанімацыі мясцовай бальніцы, куды ён патрапіў пасля судовага працэсу 11 траўня.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя