Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага таварыства
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца паведаміла, што сяброўства ў ёй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа з 1 снежня прыпынена.
Гэта звязана з невыкананнем беларускай арганізацыяй патрабавання да 30 лістапада вызваліць ад пасады кіраўніка арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова. У прэс-рэлізе арганізацыі згадваюцца заявы Шаўцова ў падтрымку размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі і прызнанне ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, а таксама яго візіты ў акупаваныя расейцамі Луганск і Данецк.
Цяпер Беларускі Чырвоны Крыж губляе правы сябра міжнароднай федэрацыі і пазбаўляецца фінансавання. Адноўлены ў сваіх правах ён можа быць толькі пасля пазбаўлення ад Шаўцова на чале гэтай арганізацыі.
Як вядома, прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа ў Беларусі — праўладная, фактычна, псеўдаграмадская арганізацыя, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, у тым ліку падчас электаральных кампаніяў.
Беларускае Радыё Рацыя