Міжнародны дзень абароны дзяцей у Глыбокім
Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца 1 чэрвеня.
У Глыбокім на цэнтральнай плошчы праходзіць дзіцячае свята, якое арганізаваў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Цэнтр дзяцей і моладзі. На працягу пяці гадзін цэнтр горада будзе аддадзены маленькім і юным жыхарам Глыбоччыны, іх творчасці, забавам і адпачынку.
А ў гэты дзень мы запыталіся ў дарослых і маленькіх жыхароў Глыбокага, ад чаго і каго ў наш час трэба абараняць дзяцей. Дарослыя адказалі наступным чынам:
– Больш за ўсё ад камп’ютараў, нават ад саміх сябе, ад таго, што яны глядзяць, што яны бачаць навакол, бо тое, што робіцца навокал – гэта канешне жах.
– Ад бацькоў. Трэба глядзець, каб бацькі выхоўвалі правільна дзяцяй, вялі здаровы лад жыцця, займаліся спортам, не ўжывалі алкагольныя напоі. Наогул мне здаецца шмат такіх людзей, якія сябе дрэнна паводзяць.
– Іх трэба шкадаваць, трэба ў вочкі глядзець, яны табе праўду скажуць, не падмануць, як дарослыя падманваюць адзін аднаго. Не хвалі свайго і не гань чужога, абыходзься з усімі добра і табе будзе лягчэй жыць на гэтай зямлі.
А вось, што кажуць дзеці:
– Нас трэба бараніць, бо людзі розныя бываюць на свеце. Хтосьці можа схапіць нас і забраць нашы рэчы.
– Напрыклад, скрасці. Ён скажа, што сябра таты, а насамрэч гэта махляр.
– Ад гвалту бараніць, калі бацькі пад нейкім наркатычным ці алкагольным уздзеяннем.
У час свята працуюць выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Дзяцінства. Фантазія. Творчасць”, пляцоўка юнага мастака, забаўляльная і спартовая пляцоўкі, дзіцячыя атракцыёны. Педагогі Цэнтра дзяцей і моладзі праводзяць для ўсіх жадаючых майстар-класы.
[Not a valid template]
У межах праграмы пройдзе флэш-моб “Добры дзень, сонечнае лета”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара