Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту адносна жанчын
Сёння, 25 лістапада, – Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту адносна жанчын. У Беларусі вострай застаецца праблема сямейнага гвалту. Штогод рэгіструецца да 100 тысяч такіх паведамленняў ад жанчын.
Па словах псіхолага Наталлі Вярбіцкай, дзейнай мерай на хатняга тырана стала яго прымусовае адсяленне ад ахвяры з перспектывай пазбаўлення волі:
– Калі прымаць некалькі разоў ахоўнае прадпісанне, то, як правіла, у сям’і сітуацыя мяняецца. Дастаткова ў вялікай колькасці сем’яў, нават мне кажуць жанчыны, што ўсё выдатна, стасункі ў сям’і добрыя. Муж паводзіць сябе добра. То бок мужчыну, сямейнага дэбашыра, прымушае гэта задумацца, калі яго выганяюць з кватэры і прымушаюць жыць дзесьці асобна ад сям’і.
Станоўчым момантам псіхолаг называе і тое, што ўсё больш беларусак не маўчаць пра сваю праблему і стэрэатыпы – “б’е значыць кахае”, “нельга выносіць смецце з дому” – застаецца ў мінулым.
У Беларусі кожная другая жанчына хаця б аднойчы, але зазнала хатні гвалт. Пры гэтым 50% беларусак падвяргаліся псіхалагічнаму гвалту з боку мужа, 28% фізічнаму, 22% эканамічнаму і 13% сэксуальнаму. Такія лічбы вынікаюць з даследвання Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.
З нашым радыё сваімі думкамі адносна сямейна-побытавых канфліктаў падзяліліся жыхары Пінска:
– У знаёмых гэта часта праяўляецца, прычым, на жаль, з такімі вельмі непрыемнымі наступствамі потым. Дзеці пакутваюць у першую чаргу.
– Вельмі часта чую, як сварацца суседзі, бачу, як крыўдзяць жанчын. Такое можна нават на вуліцы ўбачыць.
– Калі ў вас ёсць непаўнагадовае дзіця, гэта адаб’ецца на яго псіхіцы. Гэта дрэнны прыклад. Калі вам лёсам вызначана не быць разам, навошта тады адзін аднаго гвалтаваць.
– Падняць руку на жанчыну можа толькі псіхічна хворы мужчына.
Паводле афіцыйнай статыстыцы, у краіне ў 40% скасаванняў шлюбаў, менавіта хатні гвалт з’яўляецца галоўнай прычынай.
Беларускае Радыё Рацыя