Міжнародны дзень без аўтамабіля
Міжнародны дзень без аўтамабіля адзначаюць і ў Беларусі. Уладальнікаў аўто заклікаюць цягам дня карыстацца роварам або прайсціся пешшу. І, такім чынам, зрабіць свой унёсак у экалагічны стан навакольнага асяроддзя, кажа адзін з каардынатараў кампаніі “За вела-Берасце!” Уладзімір Красько:
– У прынцыпе, у пункту гледжання роварных клубаў, і і наш клуб не выключэнне, суветны дзень без аўтамабіля – гэта нагода, каб паказаць людзям, што можна цалкам выдатна ў горадзе карыстацца роварам замест транспарту. Я маю на ўвазе асабісты транспарт – аўтамабіль. І добра было б, калі б у гэты дзень быў такі падыход і з боку гарадскіх уладаў, калі б можна было забараніць у гэты дзень ездзіць па некаторых дарогах, у тым ліку ў цэнтры, а адкрыць іх для пешаходаў.
У Гародні аўтобусны парк і тралейбуснае ўпраўленне вырашылі таксама падтрымаць акцыю дзень без аўто, і сёння ўсім кіроўцам горада над Нёманам можна карыстацца грамадскім транспартам бясплатна. Усіх жа гарадзенцаў заклікаюць пакінуць аўто на стаянках. У Беластоку сёння праезд у грамадскім транспарце бясплатны для ўсіх жыхароў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце