Міжнародны дзень спантаннай праявы дабрыні



17 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень спантаннай праявы дабрыні. Ён быў створаны па ініцыятыве шэрагу міжнародных дабрачынных арганізацый. Па іх меркаванні, дабрыня мае планетарнае значэнне і гэты дзень варта адзначаць усім грамадствам.

Адна з праяваў спантаннай дабрыні – гэта падаянне міласціны. Напэўна, кожны хоць раз у жыцці сустракаўся з сітуацыяй, калі ў яго прасілі міласціну.

Каму і як падаваць міласціну – распавядае ксёндз Мікалай Ціхановіч з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

Калі ты сустрэўся першы раз з чалавекам, які ў цябе просіць міласціны, заўсёды дай. Бо ты не ведаеш, у якой ён сітуацыі. Ты не маеш права яго асуджаць. А потым я, напрыклад, аналізую. Калі ён прыходзіць другі-трэці раз – я пачынаю з ім размаўляць, пытаюся пра ягоны стан. І калі ведаю, што насамрэч ён алкаголік, які мяне маніць, то я яму не буду даваць. Вядома, што ўсім адразу не дапаможаш. Задаць пытанне: годны гэты чалавек ці не – не гэта ёсць галоўнае. Трэба запытаць сябе: што я магу зрабіць для гэтага чалавека ў дадзены момант. Можа, яму не міласціна патрэбна, а слова.

Арганізатары Дня спантаннай праявы дабрыні заклікаюць быць у гэты дзень не проста добрымі, а добрымі бязмежна і бескарысліва. Але да гэтага  амаль кожны дзень у сваіх казаннях у касцёлах і цэрквах заклікаюць святары. Дабрыня – гэта знак сілы чалавека і здольнасць даваць лепшае з сябе. Усё залежыць ад нас, ці хочам мы гэтае рабіць.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота dostup1.ru