5 снежня – Міжнародны дзень валанцёра
Сёння на календары – Міжнародны дзень валанцёра. У Беларусі валанцёрскі рух актыўна папулярызуе і развівае Чырвоны Крыж. Так у Пінску, напярэдадні 5 снежня, валанцёры таварыства зладзілі інфармацыйную акцыю ў мясцовым аграрным каледжы, каб прыцягнуць у свае шэрагі новых паплечнікаў.
Па словах валанцёра Чырвонага Крыжа, студэнткі Марыі Козіч, пытанні, якімі займаюцца добраахвотнікі арганізацыі, досыць розныя:
– Мы навучаем нашых равеснікаў усяму таму, што мы ўмеем самі. Мы закранаем такія тэмы як прафілактыка курэння, наркаўжывання, ВІЧ і СНІДу. Таксама мы працуем і з дарослымі, распавядаем ім шмат цікавай і карыснай інфармацыі, якой, як аказваецца, шмат з гэтага яны таксама не ведаюць.
Па дадзеных Беларускага Чырвонага Крыжа, па ўсёй краіне арганізацыя аб’ядноўвае звыш 30 тысяч валанцёраў і пераважна гэта моладзь.
Беларускае Радыё Рацыя