Міжнародны Дзень вызвалення вязняў з нацысцкіх лагераў
11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў. Ён устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцлагера Бухенвальд, якое адбылося ў гэты дзень 1945 года.
У Шаркоўшчыне ўшанавалі памяць загінулых у лагерах, а таксама габрэяў, якія былі расстраляныя ў 1942 годзе. Да брацкай магілы забітых габрэяў усклалі кветкі прадстаўнікі ўлады, моладзь і самі былыя вязні канцлагераў.
Паводле кіраўніка Шаркоўшчынскага раённага аб’яднання малалетніх вязняў Ады Райчонак, у раёне налічваецца цяпер 22 вязні, але прыехаць на імпрэзу змаглі не ўсе.
— Многія ўжо хворыя зусім, многія ў аддаленых вёсках і няма магчымасці сюды даехаць. Але тое, што мы сёння сабраліся, гэта вялікае свята, якога мы чакалі. Я збірала ўспаміны былых вязняў: частка надрукавана, а частка яшчэ чакае свайго часу. У мяне сабраныя успаміны усіх вязняў, якія толькі ў нас ёсць, і мае асабістыя.
Пасля мітынгу-рэквіему каля брацкай магілы для былых вязняў арганізавалі мерапрыемства ў другой школе пасёлка. Вучні школы чыталі для іх вершы, спявалі і дарылі кветкі. А вязні дзяліліся з моладдзю сваімі ўспамінамі.
Прадстаўнікі раённай улады падаравалі вязням сувеніры, а Аду Райчонак павіншавалі яшчэ і з днём народзінаў. Імпрэза скончылася салодкім сталом.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя