Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі перанесены на наступны год
Восьмы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які планавалася правесці ў 2018 годзе, перанесены на наступны год, паведаміў БелаПАН старшыня аргкамітэта кангрэса Андрэй Казакевіч.
Паводле яго слоў, арганізатары сутыкнуліся з шэрагам „тэхнічных праблем”. „Правядзенне такой канферэнцыі для беларускіх акадэмічных устаноў — вельмі нестандартная задача. Па-першае, шмат людзей і вельмі шмат з-за мяжы. Па-другое, арганізацыя кангрэса — гэта проста вялікі кавалак працы, якую трэба рабіць людзям разам са сваімі іншымі абавязкамі, да чаго яны, нават маючы распараджэнне ад кіраўніцтва, часта не гатовыя, — адзначыў Казакевіч. — Па-трэцяе, партнёрства з недзяржаўнай структурай (не зусім „сваёй”), што для афіцыйных структур з’яўляецца палітычным фактарам рызыкі, які патрабуе ўзгадненняў і дадатковай адказнасці”.
Старшыня аргкамітэта падкрэсліў, што адным з фактараў таксама стала „адкрытая тэматыка кангрэса, дзе могуць абмяркоўвацца ў тым ліку і сацыяльна-палітычныя тэмы”. „Кожны з названых пунктаў цягне шмат фармальных абмежаванняў, неабходнасць узгадняць дэталі, вызначацца з адказнасцю і абавязкамі, прыцягваць дадатковых удзельнікаў. Усё гэта патрабуе шмат часу, якога, уласна, і не хапіла ў нашым выпадку„, — падсумаваў Казакевіч.
Ён нагадаў, што падрыхтоўка да восьмага кангрэса вялася з лістапада 2017 года. Аргкамітэт выказвае падзяку ўсім акадэмічным установам, дзяржорганам і грамадскім структурам, якія фармальна і нефармальна падтрымалі імкненні ўпершыню правесці кангрэс у Беларусі. „Мы таксама разумеем, што многія тэхнічныя і арганізацыйныя перашкоды маюць аб’ектыўны характар, і мы не бачым у іх палітычнага падтэксту”, — падкрэсліваецца ў заяве арганізатараў у сувязі з адменай мерапрыемства.
Наступны кангрэс плануецца правесці у 2019 годзе за межамі Беларусі, а ў 2020-м — ужо ў краіне.
Першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі адбыўся ў 2011 годзе ў Каўнасе, з таго часу ён праводзіўся некалькі гадоў запар у Літве, а затым у Польшчы. Кангрэс заснаваны прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці як штогадовае публічнае мерапрыемства, арыентаванае як на інтэлектуальную супольнасць, так і шырокія грамадскія колы Беларусі і іншых краін. Дысцыплінарны прыярытэт Кангрэса: палітычныя навукі, сацыялогія, гісторыя. БелаПАН