Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Вільні (абноўлена)



У Вільні завяршаецца VIII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.

Адной з найбольш яркіх ягоных падзей стала цырымонія ўручэння Прэміі за лепшую навуковую публікацыю, а таксама бакалаўрскую і магісцерскую працы. Сёлета цырымонія ўручэння адбылася ў Віленскай ратушы, а вядоўцамі былі Ірына Раманава з ЕГУ і Алег Трусаў з Універсітэта імя Ніла Гілевіча:

Пра кангрэс распавядаюць ягоныя ўдзельнікі. Кажа даследчыца беларускай літаратуры з Гішпаніі Анхела Эспіноса Руіс:

Як заўсёды кангрэс даследчыкаў Беларусі меў насычаную праграму. Сёлета акрамя працы ў 14 панэлях у рамках кангрэса адбыліся дыскусіі пра Люблінскую унію і перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Былі адкрытыя выставы «Жыві, Іване» з нагоды 100 гадавіны смерці Івана Луцкевіча і «Вялікае княства Літоўскае на старажытных мапах. Погляд з Беларусі». Традыцыйнай падзеяй кангрэса стала ўручэнне прэміі за лепшую навуковую публікацыю.

Прэмію таксама атрымалі Вольга Шпарага, Іван Новік, Арцімовіч Таццяна і колішняя супрацоўніца нашага радыё Паліна Прысмакова.

Спіс даследаванняў, якія атрымалі прэмію Кангрэса па выніках 2018 года:

Алесь Смалянчук. Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю – Мінск : Выдавец Зміцер Колас, 2018

Яўген Глінскі. Фальсіфікацыі дакументаў аб дваранстве ў Слуцкім павеце Мінскай губерні ў канцы ХVІІІ — першай палове XІX ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 2018, № 5

Вольга Шпарага. Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии. – Минск: Медисонт, серия «ECLAB books», 2018

Іван Новік. Тэмпаральная семантыка ў эсэ І. Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» // Философские исследования. Сборник научных трудов. Выпуск 5. – Минск: Беларуская навука, 2018 – с. 343-357

Паліна Прысмакова. Understanding relationships between public service motivation and involvement in socio-political organizations: Perspectives of organizational field theory. Public Administration. 1–22. 

Ангеліна Герус. Мастацкая культура біблійнай парафрастыкі ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XVI-XVII стст.

Таццяна Арцімовіч . Экспериментальный театр в БССР в период «оттепели». «Между» модернизмом и авангардом.

У літоўскую сталіцу прыехала каля 500 навукоўцаў з больш чым 20 краін свету. На працягу трох дзён працы кангрэса будуць разглядацца пытанні, звязаныя з гісторыяй, эканомікай Беларусі і яе месцам у сучаснай геапалітыцы. 

На думку гісторыка і грамадскага дзеяча Алега Трусава, кангрэс мае важнае навуковае і грамадскае значэнне, асабліва ў сённяшніх палітычных умовах:

– Ён адбываецца ў такі пераломны момант, калі ўсё ў нашай гісторыі, Еўропе і ў свеце ў такіх хісткіх пазіцыях стаіць. Вельмі добра, што ў нашай старадаўняй сталіцы Вільні сабраліся аматары беларускай гісторыі з розных краін. Гэты кангрэс канешне паўплывае таму, што з’ява цікавая і ўвесь свет даведаецца, што пытанне беларускай гісторыі мае міжнароднае значэнне, а не толькі там нейкае ўнутранае.

Амаль 10 гадоў актыўны ўдзел у арганізацыі гэтага мерапрыемства прымаюць не толькі беларускія, але і літоўскія навукоўцы. Кажа дырэктар інстытута Вялікага Княства Літоўскага, супрацоўнік універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўна Рустыс Камунтавічус:

– Гэты кангрэс важны не толькі для беларусаў, для Беларусі, але і для Літвы, бо мы вельмі блізкія. Такая тэндэнцыя, што мы больш глядзім на Брытанію, на Амерыку ці кудысьці, а не на тое, што пад носам. Канешне гэта дрэнная тэндэнцыя, бо з геапалітычнага пункту гледжання, з культурнага, з эканамічнага пазнаць сваіх суседзяў вельмі важна. Намагаюцца нашы інтэлектуалы гэта неяк змяняць, але пакуль не надта паспяхова. 

На думку арганізатараў, асаблівую зацікаўленасць Беларуссю праяўляюць даследчыкі з Польшчы. Але менавіта Літва найчасцей прадстаўляе пляцоўкі для правядзення кангрэса. Некалькі разоў запар ён праходзіў у Коўне, два гады таму – у Варшаве. А сёлета даследчыкі сабраліся ў колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – Вільні.

Кажа старшыня арганізацыйнага камітэта кангрэса, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч:

– Наша мэта – забяспечыць камунікацыю паміж гэтымі людзьмі. Паляпшаць  якасць даследаванняў, спрыяць паўставанню новых даследчых праектаў, грамадскіх праектаў. Сціраць мяжу паміж акадэмічнай і экспертнай супольнсцю, прыцягваць больш увагі медыяў да вынікаў даследаванняў Беларусі. Будаваць больш аргументаваны і больш зразумелы вобраз сучаснай Беларусі.

Падзеі і факты беларускага мінулага і сучаснасці часта міфалагізуюцца. Іх выкрыццё – важная місія кангрэса, дадае Андрэй Казакевіч:

– І ў акадэмічнай супольнасці беларускай, і за мяжой існуе дастаткова вялікая колькасць розных міфаў, недакладных разуменняў таго, што адбывалася і што адбываецца ў сучаснай Беларусі. Мы бачым адну з місій кангрэсу менавіта ў тым, каб гэтае разуменне Беларусі паляпшалася.

Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ладзіцца восьмы раз, але упершыню адбываецца ў Вільні. Раней месцам яго правядзення былі Коўна і Варшава.

Сёлета навуковыя панэлі традыцыйна суправаджаюцца ўручэннем прэміі Кангрэса за лепшую публікацыю, а таксама выставай „Вялікае Княства Літоўскае на старажытных мапах. Погляд з Беларусі”.

Першы раз у гісторыі кангрэса ў праграму уключаная Праваслаўная Боская літургія на беларускай мове для ўдзельнікаў Кангрэса. Яна будзе служыцца ў Царкве св. Параскевы Пятніцы і пачне другі дзень працы кангрэса.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя