МХД патрабуюць выбару мовы навучання для дзяцей



Лідарка Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч перадала ў Савет Міністраў, Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкам заяву з патрабаваннем увесці абавязковым пунктам пры пастаноўцы дзіцяці на ўлік у дзіцячы садок заяву пра выбар мовы навучання. На думку актывісткі, гэта можа істотна паўплываць на колькасць вучняў, якія будуць навучацца па-беларуску:

– Гэта дапаможа дзяржаўным органам атрымаць базу тых дзяцей, якія хочуць навучацца на беларускай мове, і, адпаведна, стварыць своечасова беларускамоўныя групы ў пэўных раёнах, згодна з патрэбамі бацькоў. Калі мы кажам, што вось, дзеці хочуць навучацца па-беларуску, то дзяржаўныя органы адказваюць, што попыт малы і яны не могуць стварыць для двух дзяцей гэтую групу. Мы лічым, што такім чынам у іх з’явіцца база, каб своечасова ствараць групы. Канстытуцыя гарантуе нам права на навучанне і па-беларуску, і па-руску. Многія бацькі нават з расейскамоўных сем’яў будуць не супраць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску.

“Крок за крокам, мы павінны вярнуць права людзей на непарыўную беларускамоўную адукацыю”, – заявіла лідарка МХД. Таксама Маладыя хрысціянскія дэмакраты патрабуюць забяспечыць рэальнае раўнапраўе моваў у сістэме адукацыі, і стварыць у кожным дзіцячым садку і школе беларускамоўныя групы і класы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bchd.info