МНС плануе закрыць тры клубы ў Менску з-за парушэнняў правілаў бяспекі



Міністэрства па надзвычайных сітуацыях мае намер закрыць тры клубы ў Менску з-за парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі, паведамляе прэс-служба МНС.

У Партызанскім раёне сталіцы работнікі МНС сумесна з супрацоўнікамі міліцыі правялі маніторынг клуба-рэстарана „Сатурн”, клуба-рэстарана The skies і клуба „Аўра”. „Работнікі МНС звярталі асаблівую ўвагу на стан шляхоў эвакуацыі і эвакуацыйных выхадаў, адпаведнасць аб’ёмна-планіровачных і канструкцыйных рашэнняў, якія ўплываюць на ўмовы забеспячэння бяспекі, патрабаванням тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, веданне персаналам аб’ектаў патрабаванняў пажарнай бяспекі, іх падрыхтоўку да дзеянняў на выпадак узнікнення пажару і іншых надзвычайных сітуацый, спраўнасць і працаздольнасць тэхнічных сродкаў супрацьпажарнай абароны”, — адзначаецца ў рэлізе.

На ўсіх названых аб’ектах былі выяўленыя парушэнні ў частцы стану шляхоў эвакуацыі і эвакуацыйных выхадаў, усюды на лесвічных клетках, у эвакуацыйных праходах захоўваюцца гаручыя матэрыялы і абсталяванне. У клубе-рэстаране „Сатурн” памяшканні вентыляцыйнай камеры выкарыстоўваюцца пад склад, пад маршам эвакуацыйнай лесвічнай клеткі ўладкаванае складское памяшканне, не забяспечана працаздольнасць і спраўнасць сістэмы дымавыдалення ў падвальных памяшканнях. У клубе-рэстаране The skies не забяспечаная працаздольнасць сістэм пажарнай аўтаматыкі (дымавыя пажарныя апавяшчальнікі зачыненыя ахоўнымі каўпакамі), не забяспечаная працаздольнасць унутранага супрацьпажарнага водаправода. У клубе „Аўра” вонкавыя дзверы эвакуацыйных выхадаў былі зачыненыя на замкі, у калідоры першага паверха ўладкованыя драўляныя падвесныя столі і антрэсолі для захоўвання матэрыялаў і абсталявання, на шляхах эвакуацыі ў абедзеннай зале ўстаноўленыя рассоўныя дзверы.

У выніку праверкі работнікамі МНС рыхтуюцца прапановы аб прыпыненні эксплуатацыі гэтых аб’ектаў, а інфармацыя аб стане іх пажарнай бяспекі накіраваная кіраўніку адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска і пракурору Партызанскага раёна.

Масавыя праверкі пажарнай бяспекі аб’ектаў пачаліся ў Беларусі па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі пасля трагедыі 25 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры ў расейскім Кемерава, дзе ў выніку пажару, паводле афіцыйных даных, загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця.  БелаПАН