МНС: пажары ў зоне адчужэння ЧАЭС не нясуць негатыўных наступстваў для Беларусі
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шпарло, у месцах пажараў не ўзрастае шчыльнасць радыяцыйнага забруджвання — якая была колькасць радыенуклідаў, столькі і застаецца.
Тая колькасць радыенуклідаў, якая пераносіцца з паветранымі масамі ў выніку пажараў, па сваім уплыве адпавядае статыстычнай хібнасці, сказаў Шпарло.
– Тут адназначна можна сказаць: будзьце спакойныя, пажары ва ўкраінскай зоне з радыялагічнай кропкі гледжання негатыўных наступстваў для здароўя насельніцтва Беларусі не нясуць. Мы вядзём узмоцнены радыяцыйны кантроль на навуковай станцыі “Масаны”. Сярэднегадавое значэнне ў санітарнай зоне станцыі складае 0,54 мкЗв/г. За ўсе дні назірання пажараў ровень у “Масанах” вагаўся ад 0,47 да 0,49 мкЗв/г.
Нагадаем, пажар у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Украіны ўзнік 4 красавіка. Як мяркуецца, у выніку падпалу. Агонь знішчыў больш за дзясятак закінутых вёсак, ваенны гарадок «Чарнобыль-2», а таксама частку «рудога лесу» — масіве, што прыняў на сябе найбольшую колькасць радыеактыўнага пылу пасля аварыі. 14 красавіка пажарныя здолелі ліквідаваць пажар, але 16 красавіка з-за моцна ветру, які раздзьмуў ачагі тлення, агонь узнік ізноў.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: „Перспектыва”