„Мой сябар на судзе сказаў, што яму адарвалі валасы і яны ў яго ў кішэні”



У Менску прайшлі масавыя суды над затрыманымі першага верасня. Сярод іх – студэнты, журналісты, а таксама тыя, хто выйшаў падтрымаць рабочых заводаў – Менскага аўтамабільнага завода і Менскага заводу колавых цягачоў, якія выйшлі на страйк. Судовыя пасяджэнні праходзілі праз скайп-відэасувязь.

Фота spring96.org

Тым, хто хацеў трапіць на іх, прыходзілася прыкладаць намаганні.

Каментуе менчук Мікалай Галаўкоў, які чакаў суда над сваім сябрам:

– Мы проста дзяжурылі ў судзе. Мы чакалі, калі вывесяць спісы. Калі будзе судовае пасяджэнне нашага сябра. Судовыя спісы не вывесілі. Мы проста дзяжурылі там, у будынку суда. Калі выйшлі і паведамі яго прозвішча, што судзе адбудзецца судовае пасяджэнне, то мы пайшлі ў залу.

Дзмітры Картошнікаў, пра якога ідзе размова, заявіў пасля пытанняў суддзі пра даволі дзіўную рэч — распавядае яго сябар.

– Калі суддзя спытала, ці ёсць нейкія дапаўненні па справе і як вы можаце гэта пракаментаваць, то наш сябар сказаў, мы гэта самі чулі, што яму адарвалі валасы і зараз яны ляжаць у яго ў кішэні.

РР: Адарвалі валасы пры затрыманні?

– Не вядома. Гэта адзінае што мы чулі, што ён сказаў. Або ўжо на Акрэсціна, або пры затрыманні.

Самаго Дзмітрыя Картошнікава затрымалі на вуліцы Кірава ў Менску супрацоўнікі АМАПу і зацягнулі яго ў аўтамабіль без апазнавальных знакаў. Рашэннем суда ён атрымаў арышт у 12 сутак.

Суткамі каралі і іншых затрыманых. Інфармацыю пра гэта можна паглядзець на сайце Праваабарончага Цэнтра “Вясна”.

Беларускае Радыё Рацыя