Моладзь БНФ абвяшчае кампанію «Білет на той свет»
Моладзь БНФ абвяшчае кампанію «Білет на той свет», накіраваную на тое, каб паказаць людзям усе рэаліі сучаснага войска ў Беларусі, а таксама даказаць перавагі кантрактнай службы.
«У сувязі з тым, што ў апошні час пачасціліся выпадкі гвалту ды забойстваў у войску, мы пачынаем гэтую кампанію. Асноўнай мэтай мы ставім выклікаць грамадскі рэзананс, прыцягнуць увагу грамадства і зрабіць так, каб пра гэта размаўлялі не толькі калі памрэ новы хлопец. Колькі яшчэ павінна загінуць хлапцоў, пакуль людзі перастануць маўчаць?» — кажа старшыня Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.
Галоўныя мэты гэтай кампаніі — паказаць людзям, што насамрэч адбываецца ў нашым войску, спыніць дзедаўшчыну і данесці да людзей неабходнасць увядзення кантрактнага войска.
У хуткім часе Моладзь БНФ плануе правесці ў межах кампаніі некалькі перфомансаў на вуліцах Менска. Таксама ў планах дамовіцца пра круглыя сталы з удзелам дэпутатаў ды бацькоў загінулых хлопцаў. Такім чынам актывісты будуць спрабаваць данесці ідэю ўвядзення кантрактнага войска ў палату прадстаўнікоў праз грамадскасць.
«Адказваючы на словы Лукашэнкі пра тое, што мы перастаем быць «мужыкамі» і нас трэба вучыць абараняць сваю сям’ю, хочацца сказаць, што не гэтае падабенства войска робіць нас «мужыкамі», мне падаецца, не за гэтай назвай ідуць людзі ў войска, а потым паміраюць там. А што сказаць бацькам? Памёр, затое «мужык»? Гэта брыдка. А што тычыцца таго, што нас трэба вучыць як абараніць сям’ю, хочацца сказаць, што гэтаму можна навучыцца і без дапамогі так званага войска ды без дапамогі Аляксандра Рыгоравіча», — дадае Дзяніс Мандзік.