Моладзь БНФ аб’явіла 2017 – годам ВКЛ, а 2018 – БНР
Моладзевае крыло Партыі БНФ „Моладзь БНФ” распрацавала некалькі грамадскіх кампаніяў, якія правядзе ў 2017 годзе.
„Мы аб’яўляем 2017 год – годам Вялікага Княства Літоўскага і збіраемся рабіць нашы акцыі, мерапрыемствы і кампаніі для прапаганды гісторыі ВКЛ як неад’емнай частцы гісторыі Рэспублікі Беларусь. А 2018 год мы аб’яўляем годам Беларускай Народнай Рэспублікі, як першай спробы аднаўлення нашай дзяржаўнасці”, – гаворыцца ў заяве Моладзі БНФ.
Па словах кіраўніка моладзевага крыла Партыі БНФ Юрыя Лукашэвіча, асноўная задача і мэта Моладзі БНФ – барацьба за захаванне і ўмацаванне незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэта Беларусі:
– Наступная мэта – гэта гуртаванне і аб’яднанне нацянальнай дэмакратычнай моладзі для стварэння моцнага моладзевага руху. Таксама гэта абарона правоў і інтарэсаў беларускай моладзі. У планах ёсць павялічыць колькасць сябраў арганізацыі ў два разы. На сённяшні момант 600. Мы плануем на 2017 год павялічыць да 1200. І таксама адна з мэт – пашырыць сваю прысутнасць у міжнародных моладзевых аб’яднаннях.
У перспектыве Моладзь БНФ плануе ўдзел у кампаніях мясцовых выбараў 2018 года, а таксама парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, – распавёў Юрый Лукашэвіч.
„Наша палітычная кампанія называецца „20 / 20″. Плануецца вылучыць 50 патэнцыйных кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах. Іх падрыхтоўка пачнецца ўжо ў канцы студзеня 2017 года. Па яе выніках будзе адабрана 20 лепшых кандыдатаў, якія будуць удзельнічаць у мясцовай і парламенцкай выбарчых кампаніях, ” – сказаў Юрый Лукашэвіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск