Моладзь БНФ ідзе ў рэгіёны



Моладзь БНФ распачала актывізацыю дзейнасці ў рэгіянальных арганізацыях. На дадзены момант рэгіянальныя суполкі былі адноўлены ў такіх гарадах, як Гомель, Магілёў, Віцебск, Барысаў, Жодзіна, Баранавічы, Берасце, Гародня і Маладэчна. Варта адзначыць, што нашая моладзь у дадзеных гарадах існавала ўжо даўно, аднак зараз Моладзь БНФ пачала афармляцца ў больш структурызаваную арганізацыю, пачалі стварацца новыя рэгіянальныя суполкі там, дзе ёсць магчымасць зрабіць гэта.

Актывісты кожнага горада самі абіралі прыярытэтныя віды дзейнасці для сябе ў адпаведнасці з тым, чым самі жадалі б займацца і што было б карысна і варта рабіць у іх рэгіёне. Напрыклад, сябры Барысаўскай гарадской арганізацыі распачалі кампанію за будаўніцтва скейт-парка ў іх горадзе, Віцебскія і Магілёўскія актывісты адзначылі важным накірункам прапаганду і прасоўванне  беларускай культуры сярод мясцовых маладзёнаў, а Гомельскія – адукацыйную працу з моладдзю.

“У цэлым, рэгіянальная моладзь вельмі станоўча ставіцца да стварэння мясцовых суполак Моладзі БНФ у іх гарадах, шмат хто выказваўся, што да гэтага там дзейнічала толькі БРСМ як адзіная моладзевых арганізацыя, і калі прыйшлі мы, для іх з’явілася прывабная альтэрнатыва. Адзінае, што пужае, гэта магчымыя рэпрэсіі, як штрафы ці праблемы на вучобе або на працы”, – паведамляе прэс-служба Моладзі БНФ.

Наогул, у планах Моладзі БНФ стварэнне арганізацый у 20 гарадах па Беларусі з працуючымі структурамі. Пасля чаго мы плануем атрымаць паўнавартасную рэгістрацыю, як моладзевае ГА. А калі гэтага не адбудзецца, то ўсё роўна нічога не перашкодзіць працаваць далей, бо Моладзь БНФ і так зараз з’яўляецца структурай ГА БНФ „Адраджэнне”.

Прэс-служба Моладзі БНФ