„Моладзь БНФ” лічыць, што Логвінава адлічылі з каледжа „з-за палітыкі”
Актывіст «Моладзі БНФ», трэцякурснік Менскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа Мікалай Логвінаў адлічаны з шэрагу студэнтаў. Пра гэта паведамляе Задзіночанне беларускіх студэнтаў, якое апублікавала фота загаду аб адлічэнні. У ЗБС лічаць, што ў загадзе змяшчаюцца шматлікія парушэнні. Месяц таму Логвінаў распавядаў, што яго не дапусцілі да сесіі — на яго думку, неабгрунтавана і праз палітычную дзейнасць.
Выключэннем па палітычных матывах назваў рашэнне каледжа таксама старшыня «Моладзі БНФ» Юры Лукашэвіч:
– Пакуль усіх акалічнасцяў не ведаю гэтай справы. Мікалай быў і ёсць актывістам, які дзейнічаў у абароне Курапатаў, якога арыштоўвалі і судзілі. Зразумела, што выключэнне па палітычных матывах – гэта практыка, якая нас адсоўвае яшчэ ў Сярэднявечча. Вельмі шмат студэнтаў з-за сваіх поглядаў пераследуюцца, не толькі выключаюцца, але проста ім пагражаюць, выклікаюць на прафілактычныя размовы, выклікаюць у ідэалагічныя аддзелы, сам з гэтым сутыкаўся не раз. На жаль, па-ранейшаму існуе такая практыка, і з гэтым трэба змагацца.
У лютым сябра «Моладзі БНФ» Мікалай Логвінаў браў удзел у першым мітынгу «недармаедаў», потым нёс вахту на абароне Курапатаў, у сакавіку агітаваў за Дзень Волі, раздаючы агітацыйныя матэрыялы на праспекце Незалежнасці, за што быў аштрафаваны. Статут каледжа забараняе браць удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Але адміністрацыя сцвярджае, што прычына адлічэння менавіта ў акадэмічных запазычанасцях.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя