„Моладзь БНФ” плануе выставіць 50 кандыдатаў на мясцовых выбарах



Моладзевая арганізацыя Партыі БНФ „Моладзь БНФ” плануе выставіць 50 кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх адбудуцца не пазней за 20 лютага 2018 года.

Выбарчая кампанія для „Моладзі БНФ”, як паведамляе прэс-служба арганізацыі, ужо стартавала. Першым яе пачаў кіраўнік арганізацыі Юрый Лукашэвіч, які мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты ў Залінейным раёне Барысава, дзе ён ужо збірае подпісы за будаўніцтва новай сучаснай паліклінікі.

„Старая паліклініка № 3 зараз знаходзіцца не ў самым лепшым стане. Бракуе кваліфікаваных спецыялістаў, няма якаснага абсталявання, з-за гэтага людзям не могуць аказаць пэўныя медыцынскія паслугі, у якіх яны маюць патрэбу. Нават каб проста прайсці абследаванне, даводзіцца ездзіць у іншыя паліклінікі горада, што, зразумела, нязручна для жыхароў нашага раёна. Таму мы спадзяемся, што наша ініцыятыва дасць свае вынікі, і калі нават не пабудуюць новую паліклініку, то хаця б прывядуць існуючую ў належны стан”, — сказаў Лукашэвіч.

Таксама актывісты „Моладзі БНФ” адзначаюць такія праблемы раёна Барысава, як дрэнны стан дарог і мясцовага пляжу.

У хуткім часе свае выбарчыя кампаніі пачне першая дзясятка падрыхтаваных прэтэндэнтаў на вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў.

belapan.com