„Моладзь БНФ” працягне кампанію #Геніюш2016
#Геніюш2016 – гэта кампанія „Моладзі БНФ” па рэабілітацыі беларускай паэткі, грамадскай дзяячкі і выбітнай беларускі Ларысы Геніюш.
Зусім нядаўна „Моладзь БНФ” атрымала адказ ад Генпракуратуры Рэспублікі Беларусь на пісьмовае патрабаванне рэабілітаваць Ларысу Геніюш: «Геніюш Л.А. прызнана не падлягаючай рэабілітацыі», але гэты адказ не спыніць актывістаў.
Кампанія #Геніюш2016 трансфармуецца ў больш глабальную і будзе ўключаць патрабаванне пра адкрыццё ўсіх архіваў рэпрасаваных за савецкія часы і перагляд справаў з мэтай рэабілітацыі ўсіх нявінна растраляных ці асуджаных савецкай уладай, але разам з тым сама кампанія #Геніюш2016 працягне сваё жыццё.
Ужо з сённяшняга дня пачаўся збор подпісаў за наданне адной з вуліц горада Менска і гарадскога пасёлка Зэльва імя Ларысы Геніюш. Актывісты плануюць збіраць подпісы на працягу месяца, пасля чаго яны будуць перададзеныя ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Збор подпісаў вельмі важны і для таго, каб больш распавесці пра Ларысу Антонаўну і яе творчасць беларусам усіх узростаў. Таксама падчас збору подпісаў будуць раздавацца ўлёткі з яе вершамі і кароткай біяграіяфіяй.
„Моладзь БНФ” працягне займацца папулярызацыяй творчасці Ларысы Геніюш. У 10 гарадах адбудуцца паказы кінафільма пра жыццё і змаганне Ларысы Антонаўны “Няскораная”, а таксама ў след за Менскам адбудуцца раздачы адмысловых улётак і ў іншых гарадах.
Беларускае Радыё Рацыя