Моладзь БНФ правяла тэматычнае падарожжа па Беларусі для расейцаў
Група актывістаў з расейскіх моладзевых арганізацый наведала Беларусь у канцы ліпеня. Мэта, якую ставіў перад сабой прымаючы бок, – пазнаёміць расейскіх гасцей з беларускай гісторыяй, асаблівасцямі нашай культуры, а таксама паказаць знутры сучасныя беларускія палітычныя рэаліі. Ініцыятыва была ўспрынята вельмі ахвотна: усяго было разгледжана каля 40 заявак на ўдзел, па выніку чаго была сфармаваная група маладых людзей у складзе 8 чалавек, якія і прыехалі на экскурсію.
Праграма паездкі была досыць насычнай: актывісты праслухалі шэраг цікавых лекцыяў па беларускай гісторыі і культуры, пазнаёміліся з вядомымі беларускімі палітычнымі дзеячамі, сустрэліся з прадстаўнікамі ПЦ „Вясна” і паразмаўлялі з імі пра праваабарончую дзейнасць у Беларусі, а таксама наведалі ўрочышча Курапаты – месца масавых рэпрэсій сталінскіх часоў.
Акрамя таго, за некалькі дзён маладзёны наведалі шэраг беларускіх гарадоў, дзе яны пазнаёміліся з актывістамі рэгіянальных суполак Моладзі БНФ, а таксама вёску Цехцін, малую радзіму лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які распавёў расейцам пра свой палітычны шлях і пра палітычную сітуацыю ў краіне.
Падчас экскурсіі расейскія госці змаглі цалкам акунуцца ў беларускую культуру: наведаць сапраўдную беларускую лазню, паесці вясковай ежы і ўласнаручна прыгатаваць традыцыйныя беларускія дранікі. Шмат для каго гэта было ўпершыню, таму пакінула незабыўныя ўражанні ў расейскіх актывістаў.
“Галоўным вынікам паездкі для мяне стала знаёмства з добрымі і ідэйна блізкімі людзьмі, з якімі хацелася б і ў далейшым падтрымліваць сувязь і абменьвацца вопытам актывісцкай дзейнасці. Сама ж паездка, нягледзячы на некаторыя арганізацыйныя недахопы і пастаянную спантаннасць, пакінула добрае ўражанне па прычыне, зноў жа, добрай кампаніі і гасціннасці людзей, у якіх мы спыняліся. З гарадоў, дзе мы былі, мне больш за ўсё спадабаліся Магілёў і Віцебск. У Віцебску вельмі прыгожы, хоць і невялікі па памерах, стары горад, у Магілёве будынак ратушы і маляўнічыя краявіды на ўзбярэжжы Дняпра. Таксама варта адзначыць Курапаты. Я быў рады там пабываць, лічу, што гэта вельмі важны мемарыял. Спадабаўся клопат людзей аб сваёй гістарычнай памяці. Вельмі спадзяюся, што гэтае месца атрымаецца адстаяць, і цэнтра забавак на касьцях продкаў не будзе”, – распавядае адзін з актывістаў Канстанцін Пахільчук.
Арганізатары таксама засталіся задаволенымі вынікамі экскурсіі і спадзяюцца, што на гэтым падобныя ініцыятывы не скончацца: “І ў нас і ў нашых гасцей засталіся выключна пазітыўныя ўражанні ад паездкі, таму мы дамовіліся працягнуць нашае супрацоўніцтва. У перспектыве плануем ладзіць агульныя летнікі, акцыі салідарнасці і да д.п. Таксама абмяркоўвалася ідэя ўзаемнага навучання для актывістаў нашых арганізацый”, – паведамляе прэс-служба Моладзі БНФ.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Прэс-службы Моладзі БНФ