Моладзь БНФ усклала кветкі на магілы дэпутатаў ВС 12-склікання



25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб наданні суверэнітэта Беларусі. Гэта знакавая дата ў гісторыі нашай краіны. Намжаль, цяперашняя ўлада намагаецца зрабіць усё, каб памяць аб тых падзеях была забыта. Насуперак дзяржаўнай палітыцы Моладзь БНФ традыцыйна святкуе гэтую дату наведваннем могілак  дэпутатаў БНФ, якія прымалі непасрэдны ўдзел у тым знакавым паседжанні.

І ў 2017, роўна праз 26 год, Моладзь БНФ працягвае захоўваць памяць аб дні, калі наша Радзіма стала незалежнай. Сёння актывісты Моладзі БНФ усклалі кветкі на шэраг магіл дэпутатаў БНФ, такіх як Генадзь Карпенка, Галіна Сямдзянава і Ігар Гермянчук, а таксама да магіл Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна і Ніла Гілевіча. Актывісты ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Так як частка магіл на цяперашні момант не дагледжана, Маладзь БНФ у хуткім часе правядзе талаку па прыборцы магіл выдатных людзей Беларусі.

Апроч ушанавання памяці дэпутатаў Незалежнай Беларусі, актывісты МБНФ зладзілі міні акцыю па раздачы святочных стужак з нацыянальным арнаментам. Падчас падзеі было раздадзена больш за 1000 стужак. Жыхары Менску вельмі прыязна рэагавалі і ахвотна прымалі такі сімвалічны падарунак.

Моладзь БНФ яшчэ раз віншуе ўсіх беларусаў з гэтай знакавай датай. Мы верым, што надыдзе час, калі 25 жніўня зноўку будзе гучаць па ўсёй нашай краіне як дзяржаўны і сапраўды святочны дзень.

Прэс-служба Моладзі БНФ