Моладзь БНФ запрашае на сустрэчы-лекцыі па правах чалавека
Моладзь БНФ запрашае на дыскусію “Што такое правы чалавека?“, якая адбудзецца 29 верасня ў Менску. Гэтай імпрэзай Молазь БНФ распачынае цыкл моладзевых дыскусіў на актуальныя тэмы, датычныя правоў чалавека. Дыскусіі будуць адбывацца з удзелам дасведчаных экспэртаў і закранаць найбольш злабадзённыя пытанні і самыя вострыя выклікі правам чалавека. Паведаміў новы старшыня моладзевага крыла партыі БНФ Дзяніс Мандзік:
– Будзе шэраг адукацыйных сустрэч-лекцый па правах чалавека ў розных сферах. Першая сустрэча будзе больш агульная. Спадар Чавусаў распавядзе нам пра прынцыпы правоў чалавека, як яны дзейнічаюць. Наступная сустрэча будзе на тэму бяспекі ў інтэрнэце. Таксама плануецца некалькі сустрэч па розных тэмах, напрыклад, правы бежанцаў. Іншыя тэмы пакуль што вызначаюцца. Кампанія накіраваная на адукацыю “Моладзі БНФ”, а таксама ўвогуле беларускай моладзі.
У якасці эксперта падчас першай дыскусіі выступіць юрыст „Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў” Юрый Чавусаў, які з’яўляецца выпускніком Вышэйшага міжнароднага курса па правах чалавека і ў межах Беларускай правабарончай школы правёў больш за сто семінараў па праваабарончай тэматыцы для моладзі. Першая сустрэча цыкла правабарончых дыскусій „Моладзі БНФ” адбудзецца 29 верасня ў сядзібе БНФ, пачатак а 15-й гадзіне.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя