Моладзь БНФ запусціла інтэрнэт-акцыю, прысвечаную Геніюш (абноўлена)



9 жніўня спаўняецца 107 гадоў з дня нараджэння выбітнай беларускай паэткі, дысідэнткі і грамадзянкі БНР Ларысы Антонаўны Геніюш.

У прэс-рэлізе Моладзі БНФ паведамляецца: 

– Мы, актывісты Моладзі БНФ, з вялікай павагай ставімся да асобы і да творчасці Ларысы Геніюш, таму не можам праігнараваць гэтую святочную дату і аб’яўляем інтэрнэт-акцыю, каб ушанаваць яе памяць.

Мы заклікаем усіх патрыётаў узгадаць творчасць і дзейнасць Ларысы Антонаўны і, далучыўшыся да флэшмоба, пуьлікаваць на сваех старонках у сацыяльных сетках фотаздымкі, вершы, аўдыё і цытаты пісьменніцы з хэштэгам #Няскораная . Акрамя таго, прапаноўваем падысці да флэшмобу творча і напісаць, чаму на ваш погляд варта рэабілітаваць Ларысу Геніюш, чаму вы лічыце яе творчасць вельмі важнай для нашай краіны.

Ларыса Геніюш не толькі зрабіла вялікі ўклад у беларускую літаратуру, але ўяляе сабой цудоўны прыклад змагання, стойкасці і непахіснасці. Гэтай жанчыне прыйшлося зведаць мноства выпрабаванняў. Але нягледзячы ні на што, яна годна вытрымлівала ўсе цяжкасці, і здолела пакінуць нашчадкам не толькі вялікую літаратурную спадчыну, але і надзею на светлую будучыню нашай краіны. Таму ўшанаваць памяць Ларысы Геніюш у яе Дзень народзінаў – гэта справа гонару любога свядомага патрыёта сучаснай Беларусі.

***

Як адзначае старшыня моладзевай арганізацыі Юрась Лукашэвіч, не спыняюцца і чарговыя спробы ўрэшце рэабілітаваць паэтку:

— Мы склалі цэлую петыцыю, збіралі подпісы. Нам адказала Генпракуратура, з вялікай затрымкай: там было літаральна некалькі сказаў: Ларыса Геніюш паводле пастановы Вярхоўнага суда 1999 года не падлягае рэабілітацыі і ўсё. Такі ж адказ і за 2007 год, гэта літаральна копія таго адказу. Мы будзем шукаць іншае выйсце, як абысці, як можна пераглядзець справу, каб гэта не заглохла, а неяк далей ішло.

 Беларускае Радыё Рацыя