„Моладзь БНФ” збірае ініцыятыўную групу для стварэння скейт-парка



 Моладзевая арганізацыя Партыі БНФ „Моладзь БНФ” стварае ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку будаўніцтва скейт-парку ў Барысаве.

Барысаўскі райвыканкам, паведамляе прэс-служба арганізацыі, ужо даслаў адказ на зварот грамадзян з нагоды будаўніцтва скейт-парку ў горадзе. У ім адзначаецца, што „прапанова будзе разгледжаная пры распрацоўцы праектнай дакументацыі па аб’екце „Набярэжная ў пойме ракі Беразіна ў горадзе Барысаў”.

„Моладзь БНФ” лічыць такі адказ „даволі неадназначным”, а таму будзе працягваць дамагацца будаўніцтва скейт-парку ў Барысаве, у прыватнасці праз стварэнне ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку сваёй ініцыятывы.

„Мы звяртаемся з заклікам да ўсіх зацікаўленых грамадзян Барысава для запісу ў ініцыятыўную групу, якая гатовая дамагацца будаўніцтва скейт-парку. Усе, хто хоча дапамагчы, могуць звяртацца на электронную пошту „Моладзі БНФ” [email protected] з пазнакай „скейт-парк у Барысаве”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы арганізацыі.

Пэтыцыя ў падтрымку будаўніцтва скейт-парку ў Барысаве была створаная ў чэрвені гэтага года, пад ёй было сабрана каля 350 подпісаў.

belapan.by