Мост у Аршанскім раёне развальваецца, а грошай на рамонт няма
У Аршанскім раёне, які Аляксандр Лукашэнка загадаў «падняць з руін і попелу», не хапае сродкаў, каб адрамантаваць невялікі мост цераз раку Крапівенку. Ён пралягае на шляху паміж вёскамі Крапіўна і Гацькаўшчына ў накірунку суседняга райцэнтра Дуброўна. І калі праезджая частка ўтрымліваецца ў адносным парадку, то ходнікі для мінакоў сталі проста небяспечныя: дарожнае пакрыццё месцамі асыпалася, і скрозь вялізныя дзіры відаць арматура.
Убачыўшы гэта, мясцовы відэаблогер, які працуе пад нікам «Шэры Кот», вырашыў дамагчыся рамонту. З Аршанскага райвыканкаму, куды ён звярнуўся, яго перанакіравалі ў Крапівенскі сельсавет. І высветлілася, што адзінае, чым могуць там дапамагчы – гэта забараніць мінакам хадзіць па мосце, кажа блогер:
– Пакуль грошай няма, яны перакрылі блокамі, каб ніхто не зайшоў і не пашкодзіўся там. Каб мінакі там не хадзілі. І калі ты пойдзеш там, то цябе аштрафуюць вось за гэтае парушэнне, а калі пойдзеш па праезджай частцы – могуць аштрафаваць за тое, што пайшоў там, дзе машыны павінны ездзіць.
Хлопец заўважае, што атрымаў колькі крытычных заўваг на свае паведамленні пра аварыйны стан маста: маўляў, пешкі там мала хто і ходзіць, а дарожнае палатно ў парадку. Але гэта толькі да часу, мяркуе блогер:
– Праезджая частка ў больш-менш добрым стане, там вялікія апоры, і яна трывае. Але ж, калі нічога не рабіць, і ходнікі будуць разбурацца далей, то і праезджая таксама – гэта ж адзін мост, адзіная канструкцыя!
Паводле адказу з Аршанкага райвыканкаму, рамонт моста цераз Крапівенку будзе каштаваць 990 тысяч беларускіх рублёў, і гэта без уліку кошту праектнай дакументацыі, якой яшчэ няма. Няма і грошай, а таму ў планы на рамонты ў 2019-м годзе гэты мост не ўключылі. Мясцовыя ўлады абяцалі хадайнічаць, каб ім выдаткавалі неабходныя сродкі. Але вынікаў яшчэ няма: блогер чакае адказу з аблвыканкаму.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя