„Моцным навінам” пагражае закрыццё



Папулярнаму гомельскаму парталу „Моцныя навіны” пагражае закрыццё.

Адразу два іскі ў дачыненні да незалежнага сайта склалі газета „Гомельская праўда” і прыватная кампанія-забудоўшчык „Укс-Дронго”. Абодва суб’екты настойваюць, што публікацыі на сайце „Моцныя навіны” нанеслі шкоду іх дзелавой рэпутацыі.

Заснавальнік сайта Пётр Кузняцоў паразмаўляў з Беларускім Радыё Рацыя наконт сітуацыі вакол „Моцных навінаў”.

РР: Якое значэнне для жыхароў Гомельшчыны мае Ваш сайт? І ці незалежны ён насамрэч?

Пётр Кузняцоў:  Наш сайт сапраўды незалежны. Мы кіруемся прынцыпамі рэдакцыйнай палітыкі, якая забяспечвае яго незалежнасць. Мы прытрымліваемся меры, прынятай для еўрапейскіх СМІ. Заснавальнікі ці ўласнікі медыя не маюць права ўмешвацца ў працу рэдакцыі, інфармацыйную палітыку. Менавіта таму «Моцныя навіны» можна лічыць незалежным сайтам. Відаць, гэта і з’яўляецца прычынай нашай папулярнасці. Партал „Моцныя навіны”, згодна дадзеным Google analitics, за апошні месяц наведала каля 512 тысяч унікальных карыстальнікаў. Каля 63% — гэта жыхары Гомельшчыны.

РР: – Як рэагуюць на працу сайта гарадскія і абласныя ўлады?

Пётр Кузняцоў: Улады нас не проста чытаюць. Я ведаю дакладна, што працоўны дзень многіх чыноўнікаў пачынаецца з прачытання і абмеркавання навінаў нашага сайта. З некаторымі ўладнымі інстытуцыямі ў нас выдатныя стасункі. Тая ж міліцыя часта карыстаецца магчымасцямі сайта «Моцныя навіны» для пошука злачынцаў. Раз-пораз дасылаюць для публікацыі некаторыя свае навіны нават. З Памежным камітэтам і выратавальнікамі таксама праблем няма. Але я перакананы, што для ідэолагаў і некаторых спецслужбаў мы як костка ў горле.

РР: Ці можна сказаць, што судовы пераслед каардынуецца звонку? Ці гэта звычайныя прэтэнзіі гаспадарчых суб’ектаў. Скажам, пакрыўдзілі кагосьці выпадкова сваёй публікацыяй?

Пётр КузняцоўУ выпадку з судамі, распачатымі гомельскім мясакамбінатам, думаю, што мела месца ініцыятыва самаго гаспадарчага суб’екта. Нягледзячы на слабую з юрыдычнага гледжання пазіцыю мясакамбіната, суд яны выйгралі, бо так было запраграмавана. Цяжка судзіцца з дзяржаўнай арганізацыяй. Але той суд быў збольшага стыхійны.

Цяпер мы маем іншую сітуацыю. «Укс-Дронго» — гэта забудоўшчык, прыватная кантора, а дзяржаўная газета «Гомельская праўда» — выданне аблвыканкама і адпаведна ідэалогіі. І забудоўшчык, і газета падаюць дзве позвы аб абароне дзелавой рэпутацыі. Што кідаецца адразу ў вочы? Нягледзячы на розныя падставы для іскаў (газета абурылася здымкам Сяргея Ляпіна, а «УКС-Дронго» разглядзела замах на дзелавую рэпутацыю ў адной з публікацый), нягледзячы на тое, што іскі складалі розныя юрысты, патрабаванні фактычна ідэнтычныя па сваёй структуры.

Як задача мінімум, яны імкнуцца ўвесці ўнутраную цэнзуру на нашым сайце. Каб мы пазбягалі вострых тэмаў і адмовіліся ад супрацы з некаторымі прынцыповымі публіцыстамі і грамадскімі актывістамі. Як задача максімум, яны хочуць увогуле прыпыніць працу сайта. І гэта магчыма, бо мы маем цягам гэтага году два папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі.

6 і 10 ліпеня ў Эканамічным судзе Гомельскай вобласці будуць разглядацца пазовы ў дачыненні да сайта „Моцныя навіны”, у выніку якіх можа быць прынятае рашэнне аб закрыцці рэсурса.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель