Моўная сітуацыя ў касцёлах: дзве пазіцыі, два меркаванні
«Усюды, дзе ёсць людзі, якія хочуць маліцца на польскай мове, ёсць імша па-польску. І наадварот: не ўсюды, дзе людзі хочуць маліцца на беларускай мове, ёсць дастаткова беларускамоўных набажэнстваў», — кажа блогер з Глыбоччыны Кастусь Шыталь.
Кастусь Шыталь пракаментаваў выказванне ксёндза-прафесара Рамана Дзванкоўскага падчас сустрэчы ў Берасці 22 лютага з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасці. Той, у прыватнасці, сказаў, што маштабы ўвядзення беларускай мовы ў жыццё Касцёла і літургію непрапарцыйна вялікія ў параўнанні з працэнтам вернікаў беларускай нацыянальнасці.
У размове з нашым радыё Кастусь Шыталь адзначыў, што, на яго думку, праблема з мовай у касцёле існуе толькі на Гарадзеншчыне:
— Людзі ў мястэчках, вёсках, малых гарадах – вельмі кансерватыўныя. Відаць, калі людзі прызвычаіліся маліцца па-польску і ў іх пра гэта спытаць, то яны адкажуць, што хочуць маліцца на польскай мове. Але ёсць такая рэч, што большасць тых людзей, якія дэкларуюць сябе палякамі або жывуць у тых рэгіёнах, якія польская меншасць прывыкла лічыць традыцыйна польскімі, яны не ведаюць польскай мовы.
Кастусь Шыталь прыводзіць прыклад, калі польскамоўныя спеўнікі і малітоўнікі друкуюцца кірыліцай, бо людзі не ведаюць польскага алфавіту.
На думку блогера, найлепшым рашэннем ёсць правядзенне набажэнстваў на дзвюх мовах там, дзе паўстае моўнае пытанне:
— Напрыклад, у Віцебскай дыяцэзіі, дзе ў адрозненні ад Гарадзеншчыны няма польскага фанатызму, там ёсць польскамоўныя імшы, але ёсць і беларускамоўныя. Няма ніякіх у сувязі з гэтым ні спрэчак, ні супрацьстаяння. Я ніводнага разу не сутыкаўся з тым, каб у Віцебскай дыяцэзіі нехта сварыўся пра тое, на польскай мове ці на беларускай маліцца.
Як дадае блогер, пытанне мовы набажэнстваў у выніку мае вырашаць біскуп. Пры гэтым людзі, зацікаўленыя ў набажэнствах на беларускай мове, павінны больш актыўна заяўляюць пра сваё жаданне, дадаў ён.
Цалкам гутарку з Кастусём Шыталем слухайце ў далучаным гукавым файле:
“Польская мова ў касцёлах на Гарадзеншчыне – гэта натуральная прысутнасць. Яна вынікае з таго, што ў рэгіёне пражывае найбольшая колькасць палякаў у Беларусі”.
Пра гэта ў нашым эфіры сказаў вядомы журналіст і сябра непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут.
Пры гэтым, паводле яго, няма праблемы і з беларускамоўнымі набажэнствамі, калі на гэта ёсць згода і жаданне вернікаў:
— Пазіцыя і ксяндза, і наша такая: калі вернікі хочуць, каб было па-беларуску, то няхай ім будзе па-беларуску. Але галоўнае, каб палякаў у Беларусі не прымушалі адмаўляцца ад роднай мовы.
Паводле Анджэя Пачобута ў большасці парафій на Гарадзеншчыне імша адбываецца як на польскай, так і на беларускай мове:
— Яно так і выглядае ў Гарадзенскай дыяцэзіі. Я думаю, што па-за выключэннем нейкім кшталту Адэльска, напрыклад. У Адэльску, дарэчы адкуль арцыбіскуп Кандрусевіч, там здаецца ўсе імшы па-польску адбываюцца. Можа ў Сапоцкіна ўсе імшы па-польску адбываюцца. У рэшце заўсёды ёсць імша па-беларуску і ёсць імша па-польску.
Анджэй Пачобут адзначыў і тое, што ў Беларусі, паводле яго, ёсць асобы, настроеныя нацыяналістычна і шавіністычна, якім не падабаецца, што ў касцёле ёсць польская мова, што палякі ходзяць у касцёл і моляцца на сваёй мове.
Цалкам размова з Анджэем Пачобутам у далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя