Моўны канфлікт у Беларусі
Перавага рускай мовы над роднай беларускай ва ўсіх сферах жыцця супярэчыць не толькі Канстытуцыі Беларусі, страта нацыянальнай мовы пагражае незалежнасці краіны. У падрыхтаваным праваабарончым цэнтрам „Вясна” артыкуле – спроба яшчэ раз звярнуцца да моўнага канфлікту і важнасці яго вырашэння.
Мова як сродак камунікацыі з’яўляецца аб’ядноўваючай прыкметай народу, падмуркам нацыянальнай культуры, нацыянальнай самасвядомасці і яе перадачы нашчадкам. Пакуль жыве мова, жыве народ.
Па дадзеных ЮНЭСКА беларуская мова адносіцца да тых моваў, якім пагражае знікненне. І справа тут не ў неспрыяльных культурна-лінгвістычных абставінах альбо натуральнай асіміляцыі. Тое, што адбываецца з беларускай мовай – вынік свядомай дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на вынішчэнне роднага слова з усіх сфераў грамадскага жыцця.
“Нечуваная ў свеце дзяржаўная моўная дыскрымінацыя беларусаў мае вельмі працяглую гісторыю, якая вымяраецца не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі,” – адзначае доктар гістарычных навук Леанід Лыч і дадае, што “гэтак паслядоўна, як у Беларусі, нідзе больш такая дзяржаўная дыскрымінацыя мовы не праводзілася”.
Калі гаварыць пра сучасны гістарычны этап, то знакавай падзеяй стала прыняцце ў 1990 годзе “Закона аб мовах”, які павінен быў спрыяць адраджэнню мовы беларускай нацыі. У 2-м артыкуле закону беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова кваліфікавалася ў законе як “мова міжнацыянальных зносін народаў Саюзу ССР”. Увядзенне закону мусіла ажыццяўляцца паступова, на працягу некалькіх гадоў. Пры гэтым ён не рэгламентаваў ужывання моў у неафіцыйных зносінах. З 1990 па 1995 год беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. У сярэдніх школах у 1994-1995 гадах навучалася па-беларуску ўжо больш за 75% вучняў. Стаўленне да беларускай мовы, як мовы непатрэбнай, неразвітай, неўжытковай, мовы малаадукаваных вясковых сялянаў змянілася. На беларускай мове праводзіліся сесіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і многіх гарсаветаў, з’яўлялася ўсё большая колькасць афіцыйных дакументаў, паступова пераводзілася справаводства. На беларускай мове загаварылі і дэпутаты, і міністры, і выкладчыкі ВНУ, і выхавацелькі дзіцячых садкоў. У беларускай мовы з’явілася перспектыва паступовага адраджэння і паспяховага развіцця.
15 сакавіка 1994 года першая Канстытуцыя Беларусі абвясціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны.
Аднак ужо праз год сітуацыя рэзка змянілася. Аляксандр Лукашэнка, абраны ў 1994 годзе першым прэзідэнтам краіны, ініцыюе рэферэндум, у выніку чаго вяртае постсавецкую сімволіку – герб і сцяг, а беларуская мова страчвае статус адзінай дзяржаўнай мовы. Уводзіцца дзвюхмоўе.
У 1998 годзе ў “Закон аб мовах” уносяцца такія праўкі, якія дазволілі распачаць татальную русіфікацыю, асабліва ў сферах адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Закон дазваляў весці дакументацыю на расейскай мове. Артыкул 26 Закону аб мовах гаворыць: „У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з’яўляецца беларуская і (або) руская мова”.
Такім чынам былі скасаваныя набыткі незалежнай суверэннай беларускай дзяржавы ў вырашэнні моўнага пытання.
Акрамя таго, па меры нарастання канфлікту паміж прэзідэнтам Лукашэнкам і дэмакратычнай супольнасцю краіны, аўтарытарная ідэалогія і прапаганда пераўтварылі беларускую мову з нацыянальнай каштоўнасці ў “апазіцыйную” з’яву, а яе актыўных носьбітаў – у прадстаўнікоў “5-й калоны”. Такі падыход тычыўся не толькі грамадска-палітычнага жыцця краіны. У сферы культуры беларуская мова таксама стала прыкметай процістаяння прэзідэнцкай уладзе.
На сёння ў Беларусі існуе па два прафесійных творчых аб’яднанні ў літаратуры і журналістыцы – афіцыйны і незалежны: Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз журналістаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Для сябраў незалежных творчых аб’яднанняў стасункі з афіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі носяць абмежаваны характар – чыноўнікі адмаўляюцца даваць журналістам каментары альбо не дапускаюць на афіцыйныя паседжанні, пісьменнікі не атрымліваюць дазвол на правядзенне мерапрыемстваў, сустрэч з чытачамі.
Практыка забароны канцэртаў, радыё- і тэлеэфіру ў дачыненні да шэрагу беларускамоўных гуртоў і выканаўцаў выкарыстоўвалася ўладамі краіны ў 2004 -2007 гадах і аднавілася ў 2011 годзе. Існавалі нават “чорныя” спісы дзеячаў культуры, згадка пра якіх у дзяржаўных СМІ была непажаданая. У сакавіку 2011 году адзін такі спіс без подпісаў і пячатак стаў вядомы шырокай грамадскасці, яго змясціў ў сваім аккаўнце супрацоўнік адной з радыёстанцый. Атрымаць “забароненым” музыкам у мясцовых дзяржорганах гастрольнае пасведчанне было малаверагодна, але і запланаваныя канцэрты нярэдка зрываліся. Яшчэ адна прыкмета яўнай русіфікацыі – гэта шыльды, на якіх напісаны назвы вуліц у гарадах. Да 2010 года ў Беларусі назвы геаграфічных аб’ектаў (абласцей, гарадоў, вёсак, вуліц і г.д.) наогул заканадаўча не рэгуляваліся. Толькі ў Мінску назвы вуліцаў напісаныя па-беларуску, у абласных цэнтрах вонкавае аздабленне вуліц ў большасці сваёй рускамоўнае.
Калі ж закрануць пытанне гарадской тапанімікі больш глыбока, то тут выяўляецца спадчына перш за ўсё савецкай эпохі. Як прыклад, аналіз “персаніфікаваных” вуліц Гомеля, другога па велічыні горада краіны: 69 вуліц з 209 названыя у гонар герояў Вялікай Айчыннай Вайны, 50 – рэвалюцыянераў (пры гэтым толькі 22 з іх маюць дачыненне да Гомеля ці Беларусі), 37 – дзеячаў культуры (8 звязаныя з беларускай культурай), 11 – дзеячаў навукі (2 нарадзіліся і працавалі ў Беларусі), 7 – асобы дакастрычніцкай палітычнай ды ваеннай гісторыі (2 мелі дачыненнне да Беларусі, але негатыўнае), 7 вуліц носяць імёны міліцыянтаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, 6 вуліц названыя ў гонар савецкіх лётчыкаў ды касманаўтаў (1 звязаны з гісторыяй Гомеля).
У той жа час, дамагчыся належнага ўшанавання памяці сусветна вядомага творцы, Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў сталіцы грамадскасці так і не ўдалося, нягледзячы на сабраныя 105 тысяч подпісаў грамадзян. Яшчэ ў 2010 годзе падпісныя лісты за наданне адной з вуліц горада імя беларускага класіка былі перададзены ў Мінгарвыканкам. Але гэта не дало ніякага выніку, бо Васіль Быкаў не падтрымліваў аўтарытарную ідэалогію, выступаў супраць палітыкі русіфікацыі ў Беларусі. Аналагічная сітуацыя адбываецца зараз з ушанаваннем памяці Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, намінанта на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Сёння беларуская мова фактычна выцеснена з грамадскага ўжытку, гэта тычыцца дзяржаўнага кіравання, адукацыі, судавытворчасці, справаводства. І гэта не гледзячы на тое, што па дадзеных перапісаў насельніцтва Беларусі і сёння больш за палову насельніцтва краіны лічыць роднай менавіта беларускую мову.
Так, у 1989 годзе роднай беларускую мову назвалі 65,6% насельніцтва краіны, пасля некалькіх гадоў беларусізацыі ў 1999 – ужо 73,7%, а падчас перапісу 2009 года толькі 53% рэспандэнтаў.
Асноўным паказчыкам таго, што беларуская мова не з’яўляецца ў поўнай меры дзяржаўнай, а мае дэкаратыўны статус – гэта адсутнасць на ёй законаў і іншых нарматыўных актаў. Усе Кодэксы ў Беларусі прынятыя на расійскай мове, а паколькі афіцыйнага перакладу на беларускую мову няма, то фармальна суддзі, як і астатнія суб’екты працэсу, не маюць права адвольна перакладаць нормы закона. Такім чынам, адсутнасць законатворчасці на беларускай мове з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзян у судзе ды іншых дзяржаўных органах.
Так, на прававым партале pravo.by немагчыма знайсці нарматыўна-прававыя акты на дзяржаўнай беларускай мове, рэсурс змяшчае бягучую інфармацыю на рускай і англійскай мовах, а тэксты нарматыўна-прававых актаў і законапраектаў размяшчаюцца на ім выключна на рускай мове. Паводле Беларускага Хельсінкскага камітэта, у эталонным банку прававой інфармацыі каля 200 тысяч заканадаўчых актаў і толькі 3,1% нарматыўнай дакументацыі — на беларускай мове. У 2014 г. Саветам Міністраў прынята 1297 пастаноў, з іх на беларускай мове — толькі 170, што складае 13 %. У 2014 г. з усіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, на дзяржаўнай беларускай мове былі прыняты толькі 2. Праўленне Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь у 2014 г. прыняло толькі 9 пастаноў на беларускай мове.
Грамадскія і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, каб звярнуць увагу на праблему моўнай дыскрымінацыі. Так, Таварыства беларускай мовы заклікала Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з 1 верасня 2014 г. усе законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад дзеючых законаў, якія былі прынятыя толькі на рускай мове, на дзяржаўную беларускую мову і апублікаваць іх у прадугледжаным законам парадку.
Юрыдычны эксперт Беларускага Хельсінскага Каміэтэту Гары Паганяйла ў сваім звароце прасіў Канстытуцыйны суд Беларусі разабрацца з нявызначанасцю рэальнага статусу беларускай мовы, былі прапанаваныя 25 пунктаў, што абгрунтоўваюць неабходнасць выпраўлення ў моўным заканадаўстве прабелаў, выключэння ў ім калізій і прававой нявызначанасці.
У сваю чаргу намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Канстытуцыйны суд Беларусі, а таксама Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта, якія паводле арт.116 Канстытуцыі маюць права накіроўваць прапановы ў Канстытуцыйны суд аб адпаведнасці законаў нормам Канстытуцыі, з просьбай прызнаць арт. 7 Закона „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” не адпаведным Канстытуцыі і прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу ўнесці змены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключаючы тэксты законапраектаў) на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай.
Аднак адказы насілі альбо фіктыўны характар – старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Пальчык не ўбачыў паставаў для звароту ў Канстытуцыйны Суд, альбо проста ўражвалі – начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта А.Ф. Мaцельскі прапануе карыстацца перакладам на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, а ў Савеце рэспублікі ўвогуле мяркуюць, што дзяржава мае права выбару, на якой мове выдаваць нарматыўна-прававыя акты.
Што тычыцца перакладу, то па інфармацыі начальніка ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) Наталлі Судзілоўскай, на сайце прававой сістэмы “Эталон” прадугледжваецца аўтаматычны пераклад законаў на беларускую мову. Аднак гэтыя пераклады не з’яўляюцца афіцыйнымі, у іх шмат памылак і недарэчнасцяў. Да таго ж анлайн сістэма “Эталон” платная. Калі ж у грамадзяніна на гэта сродкаў няма, Наталля Судзілоўская раіць запісацца ў публічную бібліятэку, дзе сэрвісам можна скарыстацца бясплатна.
У сувязі з апошнімі геапалітычнымі выклікамі (агрэсіўная палітыка Расіі ў адносінах да Ўкраіны і Грузіі), рыторыка вышэйшага кіраўніцтва краіны пакрысе мяняецца, але ж далей гэтага справа не ідзе. Так, у студзені 2015 года старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах. Але ніякіх канкрэтных захадаў дзеля гэтага не было прынята.
Нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з арт. 26 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” і арт. 4 Закона “Аб мовах” дзяржслужачыя абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, гэтая норма ў справаводстве і судавытворчасці практычна не працуе.
Установы адукацыі як першая прыступка ў накірунку паўнавартаснага існавання беларускай мовы, яе валодання грамадзянамі краіны павінны былі б выконваць гэтую функцыю, выхоўваць павагу да нацыянальных каштоўнасцяў, гісторыі і культуры беларускага народу.
Але, на жаль, з кожным годам сітуацыя ў сферы адукацыі толькі пагаршаецца. У дзіцячых садках і сярэдніх школах беларуская мова амаль не гучыць. Недастатковая колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы, зачыняюцца беларускія школы.
І калі раней некаторыя прадметы выкладаліся выключна на беларускай мове, то ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў, адбыўся пераход выкладання такіх прадметаў, як гісторыя і геаграфія Беларусі на расійскую мову, хаця раней яны выкладаліся па-беларуску. Патрабаванні ж грамадскасці вярнуць беларускую мову гэтым прадметам станоўчых вынікаў не даюць. У 2012 годзе тагачасны міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч запэўніваў, што “задача ўжо пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю”.
Прайшло тры гады – ніякіх зменаў. І вось ўжо новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў меркаванне, “што мы прыйдзем да таго, што ў нас больш за палову прадметаў будзе на беларускай мове”. Праз тры месяцы на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка заявіла, што Міністэрства адукацыі не будзе «сілавым метадам» пераводзіць выкладанне школьных прадметаў на беларускую мову.
Русіфікацыя ў сферы адукацыі прагрэсуе. Вось толькі некаторыя дадзеныя.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на рускай і беларускай мове, хоць гэта мог быць адзін прадмет з ўсяго навучальнага цыкла, у 2014/2015 навучаліся больш за 149 тысяч студэнтаў – гэта 41%, на рускай мове – каля 212 тысяч – гэта 58%.
На беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў – гэта 0,1% ад агульнай колькасці, у 2013/2014 іх было 600, а ў 2012/2013 – 700, што складала 0.2%:
У дашкольных установах адукацыі на беларускай мове выхоўваліся 43 тысячы дзяцей (10%).
На рускай мове – амаль 368.000 дзяцей – 90%.
Лічбы па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў дынаміцы адлюстраваны ў прыведзенай ніжэй табліцы: колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове за чатыры гады знізілася з 19% да 14%:
У 2001-2002 навучальным годзе колькасць вучняў, якія атрымліваюць сярэднюю адукацыю на беларускай мове, складала 400.869 чалавек супраць 135.100 у 2014/2015.
Толькі з 2010 года па 2015-ы год колькасць беларускамоўных вучняў зменшылася на 43 тысячы. Варта адзначыць, што ў асноўным беларускія школы засталіся ў сельскай мясцовасці, але з кожным годам яны паступова скарачаюцца з прычыны нізкай укамплектаванасці вучнямі, а дзяцей пераводзяць ў больш буйныя школы, навучанне ў якіх часта вядзецца на рускай мове.
У гарадах сітуацыя з выкладаннем на беларускай мове ў школах катастрафічная. Няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы ў абласных цэнтрах ці ў іншых буйных гарадах краіны.
У двухмільённым Мінску толькі 5 гімназій і 1 школа паводле сваіх статутаў маюць беларускую мову навучання.
У Гародні ў 2014/2015 разам у дзвюх школах і гімназіі навучаліся па-беларуску 26 дзяцей. Дваццаць гадоў таму каля 80% школ у Гародні былі беларускімі. Пасля рэферэндума 1995 г. аб роўным статусе рускай мовы з беларускай, сітуацыя рэзка змянілася на карысць рускай.
У Магілёве —адзін клас з беларускай мовай навучання, у якім адна вучаніца.
У Віцебску і Гомелі беларускамоўныя класы наогул адсутнічаюць.
У Берасці ўпершыню ў гэтым 2015/2016 навучальным годзе адчынілі клас з беларускай мовай навучання, які складаецца з чатырох хлопчыкаў.
Назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці жадаючых здаваць моўны тэст па-беларуску. У 2015 годзе — на 3% менш у параўнанні з 2014 годам.
Таксама скарачаецца колькасць абітурыентаў, якія абралі беларускую мову на цэнтральным тэставанні. У 2015 годзе беларускую мову здавалі толькі 24% выпускнікоў. 76% выпускнікоў школаў здавалі рускую мову. Яшчэ 8 гадоў таму, у 2007 годзе, суадносіны былі значна бліжэйшымі: 42% выпускнікоў здавалі тэст па беларускай мове і 58% па рускай.
За апошніх пяць гадоў (2012-2015) больш як ў два разы скарацілі набор на беларускую філалогію.
У 2010 годзе БДУ на дзённую форму навучання набіраў 60 студэнтаў (48 бюджэт і 18 на платнай аснове).
У 2012 — 25 (адпаведна 20 і 5).
У 2015 ужо толькі 20 і толькі на бюджэт.
У 2015 годзе на кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую – 30 месцаў, з іх 10 бюджэтных і 20 на платнай аснове.
У Беларусі не існуе ўстановы вышэйшай адукацыі з беларускай мовай навучання. 20 год таму Таварыства беларускай мовы з дапамогай экспертаў распрацавала канцэпцыю нацыянальнага ўніверсітэту, дзе выкладанне вялося б на беларускай мове, і сабрала 50 тысяч подпісаў за яго стварэнне. Аднак гэтая ініцыятыва не была падтрыманая на дзяржаўным узроўні.
Скарачаюцца навуковыя даследванні і папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры. У 2008 годзе дзве асобных установы Акадэміі навук: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы аб’ядналі ў адзін – Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэтае аб’яднанне прывяло да скарачэння кадраў навукоўцаў і адназначна не ўзняло навуковыя гуманітарныя даследаванні на якасна новы ўзровень. А ў 2012 годзе ліквідавалі яшчэ адну самастойную адзінку – Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, утварыўшы новае аб’яднанне Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Цяпер гэтыя інстытуты існуюць у складзе Цэнтра ў якасці філіялаў.
Доля беларускай мовы на нацыянальным тэлебачанні і радыёвяшчанні мізэрная, у краіне няма нават аднаго беларускамоўнага тэлеканалу.
Паводле дадзеных Белстата, у 2013 годзе ў Беларусі на рускай мове было выдадзена 82,8 % кніг і брашур, на беларускай – 10,1%.
Выходзіла 654 газеты, з іх на беларускай мове – 189. У рэальнасці ж часта такія газеты маюць толькі беларускамоўную назву, а журналісцкія матэрыялы і рэкламу размяшчаюць па-руску.
З 921 часопіса на беларускай мове выпускалася 133, і ў дачыненні да мовы тая ж сітуацыя, што і з газетамі. Так, назва грамадска-палітычнага і навукова-папулярнага часопіса адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка», але ўсе матэрыялы на ім выключна на рускай мове.
На беларускай мове зусім не выпускаюцца мастацкія стужкі.
Далёка не ў кожным музеі краіны можна замовіць экскурсію на беларускай мове. Аўдыё-гіды маглі б у пэўнай ступені вырашыць гэтую праблему, але, за рэдкім выключэннем, у музеях і іх няма.
Не лепшым чынам выглядае сітуацыя з беларускамоўнай рэкламай. І хоць многія сусветныя брэнды сталі выкарыстоўваць у рэкламе сваіх тавараў і паслуг беларускую мову, па некаторых падліках, доля беларускамоўнай рэкламы ў нашай краіне не перавышае 1-3 працэнтаў.
У той жа час паводле даследавання міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў МАСМД, заказчыкам якога выступіла грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!»: 56% беларусаў пазітыўна ацэньваюць беларускую мову ў рэкламе, 60% падтрымліваюць выкарыстанне роднай мовы ў афармленні гарадоў і вітрын.
З 1 ліпеня 2010 года ў Беларусі дзейнічае пастанова «Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый», якім вызначаны парадак функцыянавання афіцыйных сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый. У пункце 3 дадзенага дакумента ўтрымліваецца патрабаванне аб прадстаўленні інфармацыі на дзяржаўных мовах Рэспублiкi Беларусь, а пры неабходнасці таксама на адной або некалькіх замежных мовах.
Аналіз вынікаў маніторынгу прадстаўленасці інфармацыі на 45 афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый, праведзенага Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend, паказаў, што ні адзін з іх не мае паўнавартаснай беларускамоўнай версіі. Толькі 8 сайтаў маюць беларускамоўныя версіі, якія ў большасці выпадкаў з’яўляюцца зрэзанымі варыянтамі рускамоўных і прадстаўляюць толькі частку абавязковых для размяшчэння катэгорый інфармацыі.
Беларуская мова амаль цалкам адсутнічае ў працы ўсіх іншых дзяржаўных заканадаўчых, выканаўчых органаў: у міліцыі і пракуратуры, у міністэрствах і дзяржаўных камітэтах, у прэзідэнцкай вертыкалі ўлады.
Моўная стандартызацыя ў рамках ЕўрАзЭС таксама яшчэ больш абмежавала правы беларускай мовы на таварах, якія вырабляюцца ў Беларусі.
Для выпраўлення катастрафічнага становішча з беларускай мовай у Беларусі патрэбная спецыяльная комплексная дзяржаўная праграма ўратавання беларускай мовы, якая прадугледжвала б кардынальныя змены ў дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі, якая праводзіцца сённяшнімі ўладамі Беларусі.
Беларускай мове неабходная дзяржаўная падтрымка, інакш яна загіне.
Беларускае Радыё Рацыя