Мова Чачэнскай Рэспублікі: гісторыя і рэальнасць
ЮНЭСКА залічае чачэнскую мову да ліку знікаючых, яна уключана ў трэцяе выданне “Сусветнага атласа паміраючых моваў”. У двух мінулых выданнях гэтага атласа чачэнская мова адсутнічала. Чачэнская мова сёння патрабуе дзяржаўнай падтрымкі.
“Мы павінны адрадзіць свае традыцыі, культуру, а без роднай мовы няма нацый”, – сказаў у 2007 годзе кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў на сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі…Прыблізна тое ж праз 10 гадоў скажа і кіраўнік Беларусі. Але ў Чачні, як і ў Беларусі “дзяржаўны воз” у пытаннях нацынальнай мовы рухаецца то ў зад, то ўперад.
У 2005 годзе ў рэспубліцы быў зацверджаны Дзень чачэнскай мовы. Новае свята адзначаецца 25 красавіка, бо ў гэты дзень у 1923 годзе выйшаў першы нумар чачэнскай газеты “Серло” (“Свет”). У свяце бралі ўдзел члены ураду і парламенту, дзеячы культуры. Рэспубліканскія тэлерадыёкампаніі цягам тыдня выходзілі ў эфір на чачэнскай мове, ды-джэі прасілі слухачоў перадаваць прывітанні толькі па-чачэнску… Свята скончылася і хутка наступілі звычайныя будні, дзе дзяржаўная чачэнская мова пакуль ніяк не можа наблізіцца да расейскай, асабліва ў галіне адукацыі.
Чаму рэспубліка Чачня ў параўнанні з якутамі, татарамі, башкірамі, чувашамі ў галіне нацыянальнай адукацыі адстала? Часткова дапаможа адказаць на гэтае пытанне пакутлівая гісторыя і геаграфія народа.
Сцяг незалежнай Ічкерыі
Чачэнская рэспубліка (чач. Нохчійчоь) пасля апошняй вайны за Незалежнасць і рэферэндума 23.03.2003 года зноў стала суб’ектам Расейскай Федэрацыі з плошчай тэрыторыі 15 647км2 (па іншых дадзеных да 17300 км2), гэта значна менш, чым самая меншая ў Беларусі Гарадзенская вобласць (25 118 тыс.км2). Кольскасць насельніцтва ў Чачэніі дастаткова хутка расце і складае па розных падліках каля 1,4 мільёны чалавек. Некаторыя даследчыкі-дэмографы кажуць пра трохі завышаныя дадзеныя. На Гарадзеншчыне колькасць насельніцтва наадварот зменшылася да 1 мільёна 45 тысяч чалавек (на 1.07.2017 г.) і хутка будзе менш 1 мільёна чалавек. Нараджальнасць у Гародні пасля невялікага падвышэння зменшылася ў 2017 годзе. Сталіца Грозны меншы за Гародню і там пражывае каля 300 тысяч чалавек. Дзяржаўнамі мовамі Чачэніі сталі: чачэнская і руская.
Горад Грозны
Чачэнцы (саманазва нахчы) – сама вялікі этнас Паўночнага Каўказа. З 1994 года па 2001 год насельніцтва Чачэніі зменшылася больш як на 300 тысяч чалавек. Вельмі шмат жыхароў Чачэніі (па розных дадзеных дзясяткі тысяч чалавек) загінулі ў час апошніх вайнаў з Расейскай Федэрацыяй, ці сталі бежанцамі. Калі па перапісе жыхароў 1989 года чачэнцы складалі каля 66% насельніцтва, расейцы –каля 25%, кумыкі каля 1%, аварцы каля 0,6%, то на 2017 год з 1 мільёна 415 тысяч чалавек – 95% -чачэнцы, расейцы толькі каля 2%, кумыкаў і аварцаў стала таксама менш. Шчыльнасць насельніцтва вышэй, чым у Беларусі амаль у 2 разы. Гарадское насельніцтва Чачэніі складае толькі каля 35% адсоткаў, пераважае – сельскае. У Беларусі такі адсотак гарадскога насельніцтва быў у 60-ыя гады 20 стагоддзя. Інтэнсіўная урбанізацыя 60-80-ых гадоў дала больш камфортныя ўмовы пражывання мігрантаў з вёсак, але прывяла да значных стратаў у галіне традыцыйнай беларускай культуры і мовы. Менск, дзе яшчэ ў 40-50-ых гадах 20 стагоддзя можна было паўсюль чуць беларускую мову, праз русіфікацыйную палітыку кіраўніцтва СССР-БССР стаў для шматлікіх мігрантаў “чужым” горадам. А каб не абцяжарваць сябе некамфортным пачуццём у гарадскіх кантактах, большасць простых людзей старалася пераходзіць на блізкую, расейскую мову заезджага начальства, хоць беларускую трасянку чуваць дасюль. Адбываецца і дэпапуляцыя насельніцтва. З 1994 года мы страцілі насельніцтва роўнага 2 абласным цэнтрам. Штогод Беларусь у сярэднім “губляе” больш 270 вёсак. Павялічваецца міграцыя з Украіны, Кітая, Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. У Берасці соткі сямей з Паўночнага Каўказа, асабліва чачэнцы, шукаюць любой магчымасці трапіць праз мяжу ў Польшчу і далей у ЕЗ, уцякаючы са сваіх рэспублік па розных прычынах.
Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што продкі сучасных чачэнцаў маюць паходжанне ад земляробаў “Урадлівага Паўмесяца” (першай “калыскі цывілізацыі”), якія прышлі на сучасную тэрыторыю праз Азербайджан каля 10 тысяч гадоў да нашай эры. Археалагічныя знаходкі, наскальныя малюнкі сведчаць, што чалавек у гэтым рэгіёне бесперапынна жыў каля 8 тысяч гадоў. Чачэнская мова ўваходзіць у каўказскую моўную сям’ю. Гэтая моўная сям’я падзяляецца на заходнюю, паўднёвую і ўсходнюю (нахска-дагестанскую, па іншых крыніцах паўночна-усходнюю). Да жывых нахскіх моваў адносіцца чачэнская, інгушская і бацбійская. Чачэнцы і інгушы называюць сябе вайнахамі (“вай” – нашы, “нах” – “людзі”). Бацбійская мова (без пісьма) ў Грузіі моцна змянілася за апошнія стагоддзі і стала незразумелай вайнахам, выкарыстоўваецца толькі старэйшым пакаленнем і знаходзіцца на мяжы знікнення.
Вайнахі часу першых кантактаў з Масковіяй
З ХІ стагоддзя раўнінная частка Чачні ўваходзіла у склад Аланскага царства. Там жылі продкі сучасных чачэнцаў (плямёны нохчо). Нашэсце манголаў выцесніла нохчо ў горы. У ХІV стагоддзі была створана дзяржава Сімсір, зруйнаваная Тамерланам. Пасля распаду Залатой Арды жыхары раўнін былі пад уплывам кабардзінскіх і дагестанскіх феадалаў. Горныя чачэнцы да 16 стагоддзя дзяліліся па тэрыторыях на групы і мелі назвы ад гор і рэк (мічыкаўцы, ічкерынцы, шатоеўцы, качкалыкаўцы, акінцы і інш.). Узнікае і тайпавая структура грамадства.
Чачэнцы ў складзе Масковіі, Расейскай імперыі
З 16 стагоддзя частка чачэнцаў з-за голада і недахопу зямлі спрабуе зноў вярнуцца на раўніну ў даліны Церэка, Сунжы і Аргуна. Тое было ў гісторыі не раз, але пасля сутычак з больш моцнымі заваёўнікамі яны зноў адыходзілі ў горы. У гэты ж перыяд пачынаецца і экспансія Масковіі на Паўночным Каўказе. Іх саюзнікі – кабардзінскі князь просіць Івана Жахлівага паставіць крэпасць у вусці Сунжы для абароны ад ворагаў.
З таго часу на гісторыю, культуру, эканоміку чачэнскага насельніцтва стала моцна уплываць Маскоўскае царства, Расейская імперыя, а потым і СССР. З другой паловы 16 стагоддзя адзін з буйных чачэнскіх князёў Шых-мурза Акоцкі (Акінскі) усталяваў сувязі з Масквой на роўні пасольства і хадайнічаў аб прыняцці чачэнцаў пад расейскую апеку, але пасля яго забойства і скідвання яго нашчадка Батая, княства было захоплена кумыкскімі князямі.
Народы Паўночнага Каўказу за шматгадовы перыяд не скарыліся і вялі гераічную нацыянальна-вызвольную барацьбу з рознымі захопнікамі сваіх тэрыторый.
Праўда, пад улывам суседзяў мяняліся рэлігійныя ўплывы і перавагі.
Да ХІ стагоддзя вайнахі пакланяліся мясцовым бажаствам. З ХІ-ХІІ стагоддзя з Грузіі і Візантыі сюды прыйшло праваслаўе. Будаваліся храмы, прывозіліся кнігі, прыходзілі прапаведнікі. Вайнахскія супольнасці былі саюзнікамі Грузінскага царства. Пасля падзення Візантыі і змяншэння ўплыву Грузіі адраджаліся дахрысціянскія вераванні, але і хрысціянскія таксама мелі ўплыў. З ХІІІ-ХІV стагоддзя сюды стаў прасочвацца іслам суніцкага кірунку. Спачатку на усход Чачні, раўнінныя і прадгорныя часткі, пазней у 17-18 стагоддзях іслам прыйшоў у горныя часткі Чачні і Інгушэціі. Нейкі час у гарах суіснавалі дахрысціянскія, хрысціянскія і новыя мусульманскія абрады.
На пачатку 18 стагоддзя ў расейскіх крыніцах за чачэнцамі замацоўваецца іх назва, верагодна ад назвы паселішча Чачэн-аул, утворанага ад міграцыі чачэнцаў з горных раёнаў на раку Аргун. Пашырэнне жыццёвай прасторы і пастаянная барацьба за яе замацавала за горцамі і асаблівыя рысы характару. Значныя выступы горцаў адзначаны ў 1707-1708, 1722, 1732, 1757-1758, 1760, 1770-1774, 1783, 1785-1791 гадах.
У 1708 годзе чачэнцы, нагайцы, кумыкі, беглыя расейцы захапілі Церскую крэпасць, узначаліў паўстанне Султан Мурат (башкір), уладу якога прызналі горцы. Расейскія войскі задушылі паўстанне, параненага Мурата ўзялі ў палон і пакаралі смерцю, падвесіўшы за рабрыны.
Султан Мурат і горцы Каўказа
У 1732 годзе пад Чачэн-аулам каля 10 тысяч узброеных горцаў забілі чачэнскага князя Казбулата і разграмілі расейскі атрад палкоўніка Коха.
Незадавальненне раўнінных чачэнцаў барацьбой між сабой горскіх князёў і наступам расейцаў на горскія землі стала прычынай распаўсюду ў 1757 годзе лістоў сярод горцаў “возмутительного содержания”, у іх людзей прызывалі ўзбройвацца для змагання з расейцамі. У 1758 годзе расейскі генерал Фраўэндорф з 5-6 тысячамі войска захапіў цясніну Ханкалу, але далейшага поспеху не меў і вымушана вярнуўся ў Кізляр, прызнаўшы, што паўстанцы “в покорение не пришли”
Бадай адным з шырокавядомых гістарычных асобаў быў шэйх Мансур – кіраўнік народна-вызваленчага руху горцаў Паўночнага Каўказа 1785-1791 гадоў. Першы імам Паўночнага Каўказа. Вызваленчая барацьба напрыканцы 18стагоддзя пад яго кіраўніцтвам была пад мусульманскімі лозунгамі супраць каланіяльнай палітыкі Расеі спачатку ў Чачні, а потым на ўсім Паўночным Каўказе.
Шэйх Мансур
Чачэнец Шэйх Мансур распаўсюджваў са сваім атрадам іслам, раз’язджаючы па горных паселішчах Чачні і пашыраў кола сваіх прыхільнікаў у змаганни супраць імперыі. Войска палкоўніка Дэ Піеры з 2000 чалавек і 2 гарматамі, якое прыйшло для захопу Мансура пацярпела сакрушальную паразу. Гарнізоны расейскіх войскаў ад Маздока да Уладзікаўказа змушана адыходзілі. Пачалі дапамагаць шэйху Мансуру і туркі, асабліва ў час расейска-турэцкай вайны 1787-1791 гадоў. Мансур змагаўся з захопнікамі, з рабствам, феадаламі, кроўнай помстай, усталёўваў шарыят. Змаганне з Мансурам каштавала вялікіх ахвяр. Пасля перамогі 30.09.1790 года турэцка-горскага атрада генералам Германам, шэйх Мансур змушана знаходзіўся ў Анапе – крэпасці пабудаванай туркамі.
Дарэчы, паблізу Анапы знаходзяцца Сочы, якія ў свой час былі апошняй сталіцай у 1861-1864 гадах самага ваяўнічага народа ўсяго Каўказа – чаркесаў і называлася тады Кфар Кама. Самых пасіянарных чаркесаў высялялі, як і чачэнцаў ў Турцыю і сёння яны жывуць у 50 краінах свету, а ў Турцыі займаюць нават адказныя афіцэрскія пасады. Каралеўская гвардыя Іярданіі сёння складаецца найперш з чаркесаў і іярданскага двойчы героя-чачэнца.
22 чэрвеня 1790 года, пасля ўзяцця крэпасці Анапы расейскімі войскамі, паранены шэйх Мансур быў захоплены ў палон і апошнія свае дні адбываў у Шлісельбургскай крэпасці. Адметнае месца, куды Пётр І адправіў сваю першую жонку Еўдакію Лапухіну, тут сядзелі іншыя цары, дзекабрысты, эсэры, брат Леніна.
Шліссельбургская крэпасць
У Беларусі-Літве ў гэты час ішло змаганне з Расейскай імперыяй таксама, адбыўся ІІ падзел Рэчы Паспалітай. А пазней – паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. На пачатку паўстання Тадэвуша Касцюшкі сакрэтны арыштант Шлісельбургскай крэпасці шэйх Мансур 14.04.1794 года памёр і быў пахаваны на Прэабражэнскай гары. Калі везлі ў Петрапаўлаўскую крэпасць героя Тадэвуша Касцюшку, якога для сакрэтнасці называлі “шляхціч Шыманскі”, дарога таксама была засакрэчана і хітра “меандрыравала” праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў у Пецярбург. Імперцы змагалася на некалькі франтоў каб толькі пашырыць свае межы. А браты-суседзі гэтай імперыі гінулі, высяляліся, эмігравалі, асіміляваліся.
З чатырох братоў шэйха Мансура толькі ў аднаго засталіся нашчадкі: Умархаджыевы, Абдулкадыравы і іншыя. Імя Мансура ўшанавана назвамі вуліц у Шалі, Хасаўюрце і іншых населеных пунктах. Чачэнскія барды спяваюць пра яго песні, у час Незалежнай Чачні плошча Леніна была пераназвана яго імем. Чачэнскі батальён ва Ўкраіне носіць таксама яго імя. У 2014 годзе на могілках на яго радзіме ў Алдах пастаўлены помнік (чурт) як нараджэнцу загінуўшаму на чужыне, на мячэці ў 2015 годзе яго нашчадкі ўсталявалі мемарыяльную дошку.
Барацьба за свабоду і боль за родную зямлю знайшлі свае адлюставанне ў народным эпасе чачэнцаў “Іллі”, які стаў іх вяршыняй у развіцці духоўнай культуры сярэднявечча. Вусна-паэтычная мова песняў з’яўляецца наддыялектнай формай, і моцна адрозніваецца ад размоўна-бытавой мовы. Галоўнае тэма ў эпасе – прага да свабоды, горскі кодэкс гонару, абарона радзімы і гонару рода, уменне выходзіць з розных жыццёвых сітуацый, любоў матулі да сына і боль за родную зямлю. Эпас аказаў таксама ўплыў на фармаванне адзінай літатурнай чачэнскай мовы.
(працяг будзе)
Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя