„Мова нанова Гародня”: экскурсія ад Вашкевіча
Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч замест заняткаў на моўных курсах «Мова нанова. Гародня» правёў уздоўж Нёмана адмысловую экскурсію. Падчас вандроўкі гісторык падрабязна распавядаў пра людзей, якія пакаленнямі працавалі ўздоўж Нёмана.
Кажа Андрэй Вашкевіч:
– Экскурсія праходзіла па ўзбярэжжы Нёмана ад чыгуначнага моста, каля старога моста да новага моста па адным такім вялікім раёне горада, які агулам называецца гарадзенскім Падолам. Гэта тая частка Гародні, якая непасрэдна звязана была з наша ракой. Вельмі шмат прысвечана акурат вадзе, пераправам праз Нёман, судаходству на Нёмане, тым прамысловым прадпрыемствам, якія былі звязаны з Нёманам: напрыклад, піўзаводу, тартакам (лесапільням).
[Not a valid template]
На думку гарадзенцаў, якія прыйшлі на экскурсію, такія заняткі трэба практыкаваць, каб павялічваць веды пра свой горад.
– Бачыш на ўласныя вочы, бачыш так, як гэта экскурсавод апісвае. Паўстае карцінка. Бо адна рэч чытаць пра гэта, глядзець фотаздымкі, а тут ужывую ўяўляеш сабе – атрымліваецца вельмі цікава, бо пагружаешся ва ўсю гэтую атмасферу.
– Такі фармат для гарадзенцаў вельмі карысны, бо людзі даведваюцца новае: пра горад, у якім яны жывуць, пра гістарычную і сучасную частку, пра цікавосткі, якіх шмат у расповедах спадара Вашкевіча.
Пасля экскурсіі Андрэй Вашкевіч запрасіў гарадзенцаў прыняць удзел у фэсце экскурсаводаў, які адбудзецца 21-22 красавіка 2018 года.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня