“Мова нанова” ў Берасці: сезон адкрыты!
Як спыніць таксоўку ці патлумачыць турысту, як дайсці да гісторыка-культурнай каштоўнасці? Гэтаму вучыліся ў Берасці на курсах “Мова нанова”. Заняткі аднавіліся пасля зімовых вакацый. Палепшыць свае навыкі ў граматыцы і лексіцы беларускай мовы прыйшло паўсотні чалавек. Госцем заняткаў стаў аўтар-выканаўца Ілля Фаляжынскі. Лектарка Вольга Малафеечава адзначыла, што слухачы курсаў даведаліся таксама шмат новага пра гісторыю горада:
– Наша тэма – “Мой горад”. Але мы даведаліся, што большасць нашых студэнтаў прыехала з іншых гарадоў. Яны не берасцейцы, але за гэты час, пакуль жывуць у Берасці, ужо шмат ведаюць пра горад. Таму мы паразмаўлялі пра цікавыя вуліцы, плошчы, праспекты, якія ў нас ёсць, а потым зрабілі невялікае заданне, звязанае з тым, як адныя і тыя ж мясціны ў горадзе выглядалі раней, прыкладна 50-100 гадоў таму, на фотаздымках і зараз.
Заняткі курсаў “Мова нанова” ў Берасці адбываюцца раз на тыдзень. Больш інфармацыі пра бліжэйшыя тэмы сустрэч можна знайсці ў сацыяльных сетках.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце