„Мова нанова” ў Гародні: чараўнікі і чараўніцтва



На сустрэчы курсаў “Мова нанова” ў Гародні размаўлялі пра чараўнікоў і чараўніцтва. Вядоўца курсаў Андрэй Несцяровіч зрабіў экскурс у гісторыю пра тое, як выглядала чараўніцтва ў раннім Сярэднявеччы, а вядомы гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч распавёў прысутным пра самага вядомага гарадзенскага чараўніка. Такім знакамітым чараўніком XVII стагоддзя для Гародні быў Максім Знак, якога абвінавацілі ў суроках.

З пункта гледжання сённяшняга гарадзенца, гісторыя Знака выглядае дастаткова смешна. Яго абвінавацілі ў тым, што ён кінуў сурокі на карчму, дзе, сярод іншага, сапсавалася піва. Па маштабах таго часу, той эпохі, гэта была вельмі небяспечная пагроза. Канешне, робіць вялікае ўражанне сам працэс, калі пасля даносу ахвяру цягнуць у суд, дзе пасля трэцяга катавання ён прызнаецца ва ўсім.

Максім Знак быў спалены на месцы сённяшняй Савецкай плошчы. У Гародні існуе легенда пра тое, што некалькі гадоў пасля яго смерці тут па начах можна было пачуць стогны і крыкі, а ў поўню пабачыць здань. Паміраючы ў пакутах, ён крычаў і лаяўся на мясцовыя ўлады, якія былі вінаватыя ў яго смерці, вядзьмак пракляў і месца свайго пакарання.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня