“Мова варожасці” найчасцей сыходзіць ад журналістаў



Журналісты найчасцей уласнымі рукамі прадукуюць “мову варожасці” – заўважае кіраўнік ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць” Алег Ражкоў. Ініцыятыва запрашае на прызентацыю чарговага маніторынгу “Мова варожасці ў СМІ Беларусі”, аўтары якога аналізавалі публікацыі ў 36 беларускіх СМІ – нацыянальных і рэгіянальных, – расказвае Алег Ражкоў.

– Спрабуем зразумець, хто прадукуе гэтую „мову варожасці” – ці гэта журналіст, ці гэта эксперт, палітык, ці культурны дзеяч? Новыя маніторынгі паказалі тое, што ў першую чаргу, на жаль, у Беларусі крыніцай „мовай варожасці” з’яўляецца журналісцкая. Менавіта журналісты транслююць, ці рэтранслююць „мову варожасці” ў сваіх матэрыялах.

Ініцыятыўная група “Журналісты за талерантнасць” запрашае найперш калег-журналістаў і ўсіх зацікаўленых на прэзентацыю і абмеркаванне вынікаў маніторынгу “Мова варожасці ў СМІ Беларусі” за перыяд са студзеня да ліпеня 2015 года. Прэзентацыя пройдзе заўтра ў Менску на Артсядзібе.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя