„Мова жанчын”: „Сэксуальнасць і свабода”
„Сэксуальнасць і свабода” – у Наваполацку прайшлі дзявятыя занятакі школы „Мова жанчын”.
Сустрэча ладзілася ў цэнтры гарманічнага развіцця „Баланс”. На гэты раз трэнерам была Надзея Лагіновіч, псіхолаг і выкладчык саматычнага навучання Томаса Ханы. Пазнаць сябе і сваю сэксуальнасць прыйшло каля 20 удзельніц.
На думку жанчын, здаровая сэксуальнасць – гэта залог волі, сацыяльнага і кар’ернага росту, а таксама ўменне адстойваць сваё меркаванне і выбудоўваць камфортныя ўмовы жыцця:
– Сэксуальнасць і свабода – гэта аднолькавая і асобная рэч адначасова. Калі ты адчуваеш сябе сэксуальнай, ты адчуваеш сябе свабоднай. Але калі ты адчуваеш няўпэўненасць, нейкую заціснутасць, то тады і свабоды адчуваць не будзеш.
– Канешне для мяне гэта крыху новае, бо пра гэта не шмат увогуле гаворыцца. Калі ты пачынаеш нешта рабіць і адчуваць сябе, то канешне гэта зусім іншае. Самым складаным было тое, што трэба было розум з целам неяк падключыць, каб яны разам працавалі на гэты кантакт. Гэта добры шанец на тое, каб зрэлаксавацца, паразмаўляць, пачуць іншых і ўвогуле пабыць у іншым месцы акрамя працы і хаты.
Па словах кіраўніка школы „Мова жанчын” Вольгі Дамаскінай, школа працуе з пачатку 2019 года. Спярша была задума набраць у яе абмежаваную колькасць удзельніц – 20. Але яна налічвае ўжо каля 70 зацікаўленых у ёй жанчын, бо попыт вялікі.
– Гэтыя жанчыны выбіраюць тое, што ім цікава і прыходзяць на нашы сустрэчы. Сустрэчы ладзяцца раз на месяц, можа два разы, як атрымліваецца. Мы дамаўляемся з экспертамі, якія могуць прыехаць.
Як кажа Вольга Дамаскіна, тэматыка заняткаў школы разнастайная: прававая, гендарная, палітычная, сацыяльная, прадпрымальніцкая, псіхалагічная ды іншая.
Паводле Вольгі, задума школы „Мова жанчын” узнікла вельмі даўно, а падштурхнулі на яе арганізацыю курсы „Жывая мова” у Полацку. Менавіта жанчыны праяўлялі там большую актыўнасць і зацікаўленасць.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі