«Можаш згарэць у машыне, у аварыю трапіць, на рабоце атрымаць траўму»
«Можаш згарэць у машыне, можаш у аварыю трапіць, можаш на рабоце атрымаць траўму», – такія словы пагрозы пры сустрэчы адзін на адзін пачуў у свой адрас слесар па рамонце рухомага састава Берасцейскага аддзялення Беларускай чыгункі «Брэст-Цэнтральны 2» Рыгор Лук’янчук ад начальніка вагоннага дэпо Васіля Казлоўскага. Прычынай пагрозаў стала публічнае змаганне Лук’янчука супраць пагаршэння ўмоў працы і паніжэння заробкаў.
Кажа Рыгор Лук’янчук:
– Завёў мяне начальнік дэпо Казлоўскі Васіль Іванавіч у асобны кабінет, прапанаваў прысесці. І пасля адзін на адзін кажа мне: «Што з табой рабіць? Ці згарыш у машыне, ці, калі будзеш ехаць з працы, трапіш у аварыю. А можаш і вытворчую траўму атрымаць на працы».
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі татальнай карупцыі да пагрозы можна паставіцца цалкам сур’ёзна. Але прыцягнуць да адказнасці начальніка дэпо немагчыма. Словы адзін на адзін да справы не прыкладзеш:
– Дырэктар савета дырэктараў звяртаецца да нейкага начальніка сілавікоў, каб той вырашыў праблему. І праблема будзе вырашана. Тут людзей, якія ў штаце і па–за штатам служаць нашай сілавой структуры, сёння шмат. Таму гэта ўсё цалкам верагодна, выканальна.
Рыгор Лук’янчук некалькі дзён таму звярнуўся да Беларускага Радыё Рацыя з просьбай агучыць праблему на працы. Кіраўніцтва Берасцейскага аддзялення Беларускай чыгункі не знайшло нічога лепшага для выпраўлення вытворчай сітуацыі, як стварыць неспрыяльны графік работы для рабочых і знізіць ім заробкі. А цяпер пагражаць нязгоднаму.
Беларускае Радыё Рацыя