МПЗ патлумачыла працэдуру вяртання збору з „дармаедаў”



Міністэрства па падатках і зборах патлумачыла працэдуру вяртання збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў.

Дэкрэтам № 1 „Аб садзеянні занятасці насельніцтва”, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 студзеня, прадугледжана вызваленне плацельшчыкаў збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў ад выплаты гэтага збору. Вяртанне збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў грамадзянам будзе ажыццяўляцца на падставе іх заяў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Як тлумачыць МПЗ, згаданая адміністрацыйная працэдура ажыццяўляецца падатковымі органамі на падставе пісьмовай заявы зацікаўленай асобы, з прадстаўленнем пашпарта або іншага дакумента, які сведчыць асобу грамадзяніна.

Падача заявы можа быць ажыццёўленая прадстаўніком зацікаўленай асобы, які дзейнічае на падставе даверанасці, аформленай у парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам.

Вяртанне збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў ажыццяўляецца адным з двух спосабаў, якія называюцца ў заяве: на рахунак у беларускім банку (пры ўмове ўказання рэквізітаў бягучага (разлiковага) цi iншага банкаўскага рахунку: нумар і тып рахунку, найменне банка, код банка, код валюты); наяўнымі грашовымі сродкамі з касы адасобленага (структурнага) падраздзялення „Беларусбанка”.

Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры — 1 месяц з дня падачы заявы. З адрасамі і рэжымам працы падатковых органаў можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах www.nalog.gov.by.

belapan.by