“МрояТур” дапамагае Слонімскай лякарні



Шмат гадоў у Слоніме дзейнічае прыватнае транспартнае ўнітарнае прадпрыемства  “МрояТур”, якім кіруе слонімец Уладзімір Лазар. “МрояТур“ – адно з лепшых на Гарадзеншчыне прыватных прадпрыемстваў па перавозцы пасажыраў.

Заўсёды прадпрыемства Уладзіміра Лазара дапамагала і дапамагае сваім землякам і роднаму гораду. А ў гэты няпросты час, калі Беларусь, як і ўвесь свет, апынулася ў палоне страшнага каронавірусу, Уладзімір Лазар не застаўся ў баку ад праблемы.

Летась для Слонімскай цэнтральнай раённай лякарні ён закупіў акуляры, аднаразовыя пальчаткі, касцюмы (камбінезоны) супрацьэпідэмічныя, рэспіратары, маскі медыцынскія аднаразовыя  – і падараваў на агульную суму 1500 беларускіх рублёў. Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ выказала шчырую падзяку Уладзіміру Іванавічу за своечасовую дапамогу.

І вось нядаўна Уладзімір Лазар зноў дапамог Слонімскай лякарні. На 1548 беларускіх рублёў ён закупіў для медыцынскай установы 10 пульсаксіметраў.

Аказвае дапамогу “Мроя Тур” і іншым установам горада, а таксама прыватным слонімцам, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. За ўсё добрае, што робіць Уладзімір Лазар у Слоніме, землякі яму шчыра ўдзячны.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя