МУС: 26 кастрычніка на акцыях пратэсту затрыманы 581 чалавек



26 кастрычніка на акцыях пратэсту затрыманы 581 чалавек (з іх у Менску — 486). Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у месцы ўтрымання затрыманых змешчаны 434 чалавекі, паведамляе прэс-служба МУС.

„26 кастрычніка ў розных населеных пунктах краіны зафіксавана некалькі дзясяткаў ачагоў сацыяльна-палітычнай актыўнасці, у якіх узялі ўдзел прыблізна 3,6 тысячы чалавек. МУС прынятыя неабходныя меры па падтрыманні парадку і арганізацыі грамадскай бяспекі іх правядзення”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак міліцэйскага ведамства, „у Менску ў 14.00 на плошчы Незалежнасці разрозненыя групы грамадзян утварылі калону і прайшлі да плошчы Якуба Коласа. Асноўную масу ўдзельнікаў склалі пенсіянеры і студэнты ВНУ. У 17.00 пратэстоўцы разышліся”.

„Увечары ў выніку масаванага распаўсюджвання рознымі дэструктыўнымі тэлеграм-каналамі пратэстных заклікаў зафіксаваныя масавыя зборы і групавыя маршы на цэнтральных вуліцах сталіцы агрэсіўна настроеных грамадзян. Імі рабіліся шматлікія спробы блакавання руху транспарту, аказання непадпарадкавання і супраціўлення пры затрыманнях”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі МУС, „мелі месца факты арганізацыі „несапраўднай занятасці пуцей” (закарачэнне рэек металічнай дротам) на ўчастках чыгункі, што пры пэўных умовах магло прывесці да надзвычайных сітуацыях”.

26 кастрычніка ў Беларусі абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, выстаўленага экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. Патрабаванні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў. У гэты дзень у розных гарадах Беларусі сілавікі затрымлівалі людзей.

belapan.by