МУС абвясціла аб прызнанні экстрэмісцкім папулярнага тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу”
Тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу” (БГМ) 19 красавіка быў прызнаны экстрэмісцкім рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля, паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.
У сваім тэлеграм-канале яна напісала, што падставай для судовага рашэння сталі матэрыялы абласнога ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.
„У супольнасці сістэматычна размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, у тым ліку скіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, а таксама абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужачых, — адзначыла Чамаданава. — Для дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і змены канстытуцыйнага ладу ўдзельнікі канала рэгулярна заклікалі да масавых беспарадкаў, вулічных пратэстаў, хуліганстваў, радыкалізацыі, вандалізму, супраціву міліцыянерам, блакавання руху на аўтамабільных дарогах і чыгунцы”.
„Цяпер за публікацыю (рэпост) інфармацыі з названага інтэрнэт-рэсурсу прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць і пакаранне аж да арышту”, — папярэдзіла яна.
На тэлеграм-канал „БДМ” падпісана амаль 278 тыс. чалавек. Яго стваральнікам з’яўляецца журналіст Ігар Лосік, які знаходзіцца пад вартай і прызнаны палітычным зняволеным. Тэлеграм-каналам займаецца журналіст Раман Пратасевіч, які вымушана пераехаў у Польшчу і раней уваходзіў у каманду Сцяпана Пуціла — стваральніка найбольш папулярнага тэлеграм-канала, раней таксама прызнанага экстрэмісцкім.
28-гадовы стваральнік БДМ і кансультант-фрылансар „Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што яму выстаўленае новае абвінавачанне — паводле арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Па гэтых артыкулах Лосіку пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Блогер віну не прызнаў і адрэагаваў на снежаньскае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Галадоўка Лосіка доўжылася 42 дні і выклікала вялікі рэзананс. 25 студзеня Лосік перадаў, што вырашыў спыніць галадоўку, таму што яго „ўразіла неверагодная хваля салідарнасці”.
11 сакавіка Лосіку выставілі яшчэ адно абвінавачанне. У адказ палітвязень парэзаў вены на руках і абвясціў сухую галадоўку, якую трымаў чатыры дні. Яго змясцілі ў карцар, адкуль пасля спынення галадоўкі вярнулі ў камеру.
У канцы сакавіка тэрмін яго ўтрымання пад вартай працягнулі да 25 траўня.
Раман Пратасевіч і Сцяпан Пуціла з’яўляюцца абвінавачанымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 130 (распальванне варожасці). Беларускія ўлады патрабуюць іх выдачы ад Польшчы, дзе яны цяпер жывуць.
У канцы лістапада мінулага года Пратасевіча і Пуцілу КДБ унёс у пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.