МУС адмовіў Калеснікавай у распачынанні крымінальнай справы па яе заяве



 Каардынатару перадвыбарнага штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, члену прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Марыі Калеснікавай адмовілі ў распачынанні крымінальнай справы ў адказ на яе заяву па фактах выкрадання і пагроз.

Як паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, 10 верасня Калеснікава „падавала заяву аб распачынанні крымінальнай справы з імёнамі і пасадамі людзей, якія арганізавалі яе выкраданне, пагражалі ёй і сілком спрабавалі вывезці з Беларусі”. Следчы камітэт перадаў заяву для разгляду ў Міністэрства ўнутраных спраў, якое ў распачынанні крымінальнай справы адмовіла.

„27 студзеня я атрымала адмову ў распачынанні крымінальнай справы, — цытуе Калеснікаву тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі. — Ці здзіўленая я? О, не! Там, у кабінеце Карпянкова, спадары Казакевіч і Паўлючэнка ва ўсіх падрабязнасцях распавялі, што мяне чакае, калі я не пакіну краіну: СІЗА, турмы, зневажальныя надгляды, падарванае здароўе, забыццё. Я забуду аб кнігах (Харары, Хокінг, чао!), пра музыку таксама, бо мне пераломяць пальцы, праз месяц пра мяне ўсе забудуць. 25 гадоў у калоніі, дзе я буду яму (Казакевічу) форму шыць, якую ён будзе апранаць па асаблівых выпадках. Так што не, не здзіўленая”.

Паводле слоў Калеснікавай, яна мае намер і далей звяртацца ў Генеральную пракуратуру і суд. „Вы можаце яшчэ хоць 10 спраў на мяне завесці. Вас гэта ўжо не ўратуе. Вы гэта зрабілі — вы гэта ведаеце, я ведаю, вашы міністры ведаюць, кіраўнік дзяржавы ведае, калегі і саўдзельнікі ведаюць, сведкі (а іх нямала), вашы дзеці ведаюць, жонкі, вашы бацькі, сябры і блізкія. Вы гэта зрабілі!” — падкрэсліла яна.

Марыя Калеснікава была затрыманая 7 верасня 2020 года ў цэнтры Менска. На наступны дзень стала вядома, што яе спрабавалі сілком вывезці ва Украіну, але гэта не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

Калеснікавай было выстаўленае абвінавачанне „ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт”, у снежні яшчэ адно — „стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем” (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу).

Калеснікава з верасня ўтрымлівалася ў турме Жодзіна. 6 студзеня стала вядома, што ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 8 сакавіка. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

10 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу „Расія 1” заявіў, што „паняцця не мае”, калі будуць судзіць Марыю Калеснікаву. „Калеснікава — гэта хто? А, гэта хто за мяжу з гэтымі хлопцамі спрабавала выехаць, ды не выехала? Паняцця не маю, следства ідзе, я нават не займаюся гэтым. Я шчыра не ведаю”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by